Малады палачанін - у ліку лепшых

18.03.2021

Рэспубліканскае свята «Гродна — маладзёжная сталіца» сабрало больш за 300 прадстаўнікоў з усёй краіны.

Падчас урачыстага мерапрыемства на сцэне ўшаноўвалі самых актыўных хлопцаў і дзяўчат Беларусі. Сярод узнагароджаных і навучэнец Полацкага каледжа ВДУ ім.П. М. Машэрава Яўген Мальчонак.

Жэня ўдастоены падзякі Міністэрства адукацыі «За значны асабісты ўклад у развіццё студэнцкага руху Рэспублікі Беларусь, актыўную грамадзянскую пазіцыю». Дарэчы, малады чалавек быў у ліку 12 лепшых у краіне камандзіраў студэнцкіх атрадаў ГА «БРСМ».

Жэня прызнаўся, што паездка ў Гродна і ўзнагароджанне сталі для яго прыемнай нечаканасцю.

Хлопец вучыцца на апошнім курсе каледжа па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя». Незвычайны выбар для юнака, але Жэня знайшоў сябе менавіта ў працы з дзецьмі. І хай скептыкі скажуць: «Ды ён яшчэ і не ўяўляе, што такое праца ў школе!», але, бачачы юнацкі запал, можна з упэўненасцю сказаць: «У Жэні ўсё атрымаецца!».

А на пытанне, чаму выбар упаў на такую спецыяльнасць, Яўген Мальчонак адказвае з усмешкай:

- Неяк усё спантанна выйшла. Кім я толькі не хацеў стаць: і лекарам, і ратавальнікам, і чыгуначнікам. А варыянт паступлення ў Полацкі каледж разгледзеў за пару месяцаў да заканчэння 9 класа. Ужо потым я даведаўся, што гэтую навучальную ўстанову скончыла і мая прабабуля.

Цяпер у хлопца заканчваецца пераддыпломная практыка. А ўсё лета ён адпрацаваў важатым у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Ізумрудны», быў камандзірам педагагічнага атрада.

- Калі правёў усе канікулы з дзеткамі 6-10 гадоў, чарговы раз пераканаўся, што правільна абраў прафесію — падзяліўся Яўген.

У вольны час малады чалавек вывучае літаратуру па спецыяльнасці і рыхтуе займальныя заняткі для школьнікаў.

Крыніца: http://www.pvestnik.by/