Дзе юныя палачане могуць займацца робататэхнікай і праграмаваннем?

12.03.2021

Хто зрабіў лега-скарпіёна? Што можа Scratch? Аб чым гульня «Хто хоча стаць патрыётам»? Аб гэтым даведаліся ўдзельнікі нерадавой падзеі, якая адбылася на мінулым тыдні ў Полацкім РЦДiМ, на базе аддзела інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Педагогі і навучэнцы прэзентавалі кабінет па робататэхніцы і праграмаванні, прадставіўшы займальныя напрамкі работы лабараторыі тэхнічнай творчасці.

Удзельнікі і госці мерапрыемства сабраліся ў будынку аддзела, размешчанага ў мікрараёне Ноўка (вул. Гагарына, 138). Менавіта тут хлопцы займаюцца робататэхнікай і праграмаваннем. У прасторным холе ўсіх чакалі тэматычная выстава «Траекторыя тэхнічнай думкі», музычнае прывітанне і відэапрэзентацыя аддзела. А затым у выдатна абсталяванай і стыльна аформленай лабараторыі адбылося знаёмства з адукацыйнымі зонамі па робататэхніцы і праграмаванні. Пра тое, якая тут кіпіць праца, распавялі дырэктар Полацкага РЦДiМ Ірына Гаўрыльчык, педагогі дадатковай адукацыі Васіліна Брыль, Вера Кiрпiчонак і самі хлопцы.

Навучэнцы гурткоў - зацікаўленыя, захопленыя, дапытлівыя хлапчукі і дзяўчынкі - з азартам прымаюць удзел у турнірах па робататэхніцы розных узроўняў і становяцца пераможцамі і прызёрамі!

Мірон Рабенка стварыў мадэль «Венерына мухалоўка» з маторам і датчыкам набліжэння. «Калі казурка набліжаецца «Венерына мухалоўка» захлопваецца, «пераварвае» у сабе казурку 2 секунды і зноў адкрываецца», — тлумачыць васьмігадовы вынаходнік. Аляксею Стужуку шэсць гадоў, і ён першы год наведвае гурток па робататэхніцы, але ўжо вынайшаў робата-шчанюка, які ходзіць наперад, а пры выглядзе перашкоды адступае назад. Емяльян Брыль прадставіў мадэль лега-скарпіёна, які ўмее з дапамогай інфрачырвонага датчыка выяўляць рухаючагася ворага і паражаць цэль.

Упраўленнем па адукацыі Полацкага райвыканкама для заняткаў юных праграмістаў набыты 13 ноўтбукаў, а юныя геніі ствараюць робатаў з новых канструктараў. Асвойваць протатыпаванне дзецям дапамагаюць 3D-прынтары.

Калі казаць аб перспектывах аддзела, то пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта для заняткаў картынгам плануецца будаўніцтва картадрома ў мікрараёне Баравуха-3. У планах на будучыню — праграмаванне без кампутара для малых. А яшчэ - беспілотныя лятальныя апараты, тросавы мадэлізм, суднамадэляванне на дыстанцыйным і праграмуемым кіраванні і многае іншае.

На базе аддзела хлопцы навучаюцца і праграмаванню. Праекты ў Scratch могуць граць не толькі творчую ролю, але і быць трэнажорамі па адукацыйных прадметах. Як адзначыў Ян Шчадзянкоў, на занятках у гуртку ён вучыцца ствараць і творчыя анімацыі, і навуковыя працы: «Мне цікава ўсё, звязанае з навукай. Прымаючы ўдзел у адным з конкурсаў, сам задумаўся, адкуль бяруцца вынаходкі. І вырашыў стварыць анімацыю, у якой можна пафантазіраваць на гэтую тэму.» А Данііл Гонтараў на занятках па праграмаванні акунуўся ў гераічнае мінулае нашага народа і стварыў гульню-віктарыну «Хто хоча стаць патрыётам». Падчас прэзентацыі госці згулялі ў яе разам з Даняй. Дарэчы, гэтая гульня на конкурсе камп'ютарных распрацовак заняла I месца ў раённым этапе і ІІІ-е на абласным.

Таксама ў ходзе мерапрыемства можна было пабачыць вынікі працы навучэнцаў, якія асвойваюць азы протатыпавання, і нават атрымаць у падарунак бірулькі, выкананыя на 3D-прынтары.

Высокіх вынікаў у тэхнічнай і інавацыйнай творчасці педагогам і навучэнцам Полацкага РЦДiМ пажадалі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Валюшкіна і начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Ірына Драздова. Цікавасць і пазнанне новага сёння - гэта поспех заўтра. Такім чынам, ствараючы ўмовы для развіцця крэатыўных здольнасцяў у падрастаючага пакалення, залучаючы яго ў карысную практычную дзейнасць, мы фарміруем нашу агульную будучыню.

Крыніца: http://www.pvestnik.by/