Полацк збірае літаратараў з розных куткоў свету

11.03.2021

4 сакавіка 2021 года дадзены старт літаратурнаму фестывалю «Цэнтр Еўропы» з міжнародным удзелам.

Гэта штогадовае адкрытае творчае, культурнае і асветніцкае мерапрыемства, якое праходзіць у горадзе Полацку (Рэспубліка Беларусь).

З кожным годам фестываль набывае ўсё большую папулярнасць. У 2020 годзе ў фестывалі прынялі ўдзел 215 канкурсантаў з 12 краін.

Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца: Полацкі раённы выканаўчы камітэт, Дзяржаўная ўстанова культуры «Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», літаратурная студыя «Цэнтр Еўропы».

Асноўная мэта фестывалю - выяўленне таленавітых аўтараў і арганізацыя іх культурна-творчай дзейнасці ў сферы літаратуры, станаўленне Полацка як горада літаратурнай значнасці.

Фестываль праходзіць у два этапы: дыстанцыйны і асноўны этапы.

Дыстанцыйны (завочны) этап фестывалю (з 4 сакавіка па 25 красавіка 2021 года) - адкрыты Інтэрнэт-конкурс фестывалю «Цэнтр Еўропы» па наступных намінацыях:

«Паэзія»;

«Малая проза»;

«Мастацкі пераклад»;

«Адзінства. Згуртаванасць. Дружба народаў»;

«Мовай Я. Купалы і Я. Коласа».

Асноўны этап фестывалю адбудзецца ў г. Полацку, у рамках святкавання Дня горада, і ўключае ў сябе:

- літаратурна-сцэнічны конкурс «Паэт-артыст»;

- конкурс на прыз глядацкіх сімпатый;

- творчыя вечары, прэзентацыі кніг і зборнікаў, творчыя пляцоўкі, паэтычныя трыбуны, творчыя брыгады, літаратурныя экскурсіі, літаратурныя канферэнцыі, круглыя сталы, майстар-класы, выставы-продажы выдавецкай прадукцыі і іншыя мерапрыемствы;

- урачыстую цырымонію падвядзення вынікаў фестывалю.

Прыняць удзел у фестывалі могуць усе жадаючыя аўтары літаратурных твораў ва ўзросце не маладзей за 18 гадоў, незалежна ад членства ў творчых саюзах і аб'яднаньнях, месца жыхарства і грамадзянства.

Азнаёміцца з Палажэннямі аб Конкурсах і атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра фестываль можна на сайце ДУК «Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».