«Віцебская лыжня-2021» сабрала ў Гарадку каля 500 спартсменаў-аматараў з усёй вобласці

01.03.2021

Спартыўна-мастацкае свята «Віцебская лыжня-2021» сабрало ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы ў Гарадку каля 500 удзельнікаў і паўтары тысячы гледачоў. І нават плюсавая тэмпература і часам дождж не перашкодзілі адбыцца галоўнаму зімоваму спартыўнаму святу рэгіёна пасля двухгадовага перапынку.

- Цяперашняя зіма дазволіла камандам трэніравацца ўжо са снежня. Каманды, сапраўды, рыхтаваліся і заявак у гэтым годзе значна больш. «Віцебская лыжня» набывае высокі статус, аўтарытэт. У ёй хочуць ужо паўдзельнічаць не толькі дзяржпрацаўнікі, але і прадстаўнікі іншых сфер, каб далучыцца да спаборніцтваў і параўнаць свае сілы. Вядома, мы рады, што свята сабрала каманды практычна з усіх рэгіёнаў і розных узроўняў падрыхтоўкі. Спартсмены выкладваюцца на поўную. Перамагае, вядома, вельмі моцны і самы падрыхтаваны, але самае галоўнае, што ніхто не ў пройгрышы, усе застануцца з добрым настроем, а гэта, бадай, галоўнае на гэтым свяце, – адзначыў Мікалай Шарстнёў.

У «Віцебскай лыжні-2021» прынялі ўдзел больш за 50 каманд з усёй вобласці. На лыжню выйшлі праверыць сваю фізічную падрыхтоўку прадстаўнікі гаррайвыканкамаў, сілавых структур, канцэрна «Віцебскмясамалпрам» і іншых працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый рэгіёну, а таксама навучэнцы ўстаноў адукацыі. Зборная ад Віцебскага аблвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Шарстнёвым прыняла ўдзел у першым забегу па-за конкурсам і паказала найлепшы вынік. У рамках заліку першага заезду «золата» заваявала каманда адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска, другое месца заняў Полацкі райвыканкам, замкнуў тройку лідараў Віцебскі гарвыканкам.

Хоць галоўная кульмінацыя свята традыцыйна разгарнулася на лыжнай трасе, не менш горача было і на іншых спартыўных пляцоўках. Жыхары вобласці мераліся сілай у армрэслінгу, гіравым спорце, у апошнім, дарэчы, упершыню прынялі ўдзел дзяўчаты. Студэнткі ВГМУ, аб'яднаныя цікавасцю да, здавалася б, не жаночага віду спорту з лёгкасцю і ўласцівай грацыяй уздымалі ў рыўку 16-кілаграмовыя гіры. Адзін з лепшых вынікаў - у пяцікурсніцы Кацярыны Цалко, будучы правізар досыць далікатнага целаскладу ўжо чатыры гады захапляецца гіравым спортам і за хвіліну падняла пудовы снарад 30 разоў.

Аматары інтэлектуальных баталій змаглі паспаборнічаць у шашках і шахматах. Спартыўна-забаўная праграма ўнесла дадатковую святочную ноту ў форум аматараў спорту, фізічнай культуры і актыўнага адпачынку.

Фота Дзмітрыя Осіпава.

Крыніца: https://vitvesti.by/