Сёння па традыцыі ў капліцы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сабраліся кіраўніцтва раёна, ветэраны Афганскай вайны, ваеннаслужачыя, прадстаўнікі грамадскасці, палачане розных пакаленняў. Яны прыйшлі, каб аддаць даніну памяці і павагі людзям, якія з гонарам выканалі воінскі абавязак за межамі Айчыны і да канца засталіся вернымі прысязе.
Для Полаччыны гэты дзень мае асаблівую значнасць. У снежні 1979 года ў ліку перадавых частак абмежаванага кантынгенту сыходзілі ў Афганістан Баравуха - 1 350-ы і 357-ы гвардзейскія парашутна-дэсантныя палкі, якія прайшлі ўсю вайну і скончылі яе ў ліку апошніх у лютым 1989-га. Нашы землякі дастойна выканалі свой інтэрнацыянальны, воінскі і грамадзянскі абавязак.
Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, звяртаючыся да прысутных, адзначыў: «Афганская вайна ўжо ўпісана ў гісторыю, але яна засталася незагойнай ранай для ветэранаў, маці, жонак, нявест загінуўшых салдат і афіцэраў. Нашы вайскоўцы годна выканалі інтэрнацыянальны абавязак, праявіўшы самаадданасць і адвагу. Смеласць і гонар, вернасць воінскаму абавязку заўсёды будуць прыкладам служэння краіне, нашай роднай Беларусі»
Ваенны камісар Полацкага, Расонскага раёнаў і горада Наваполацка Аляксандр Слізгаеў і старшыня Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Фёдар Яськоў у сваіх выступах казалі, што воіны-інтэрнацыяналісты ўдалечыні ад радзімы, праяўляючы мужнасць і гераізм, з гонарам выканалі воінскі абавязак. Яны і сёння ўносяць важкі ўклад у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Наша задача — памятаць аб подзвігу, здзейсненым у імя Айчыны на далёкай зямлі.
... У капліцы было шмат мужчын з пунсовымі гваздзікамі ў руках. У іх лёгка пазнаваліся былыя салдаты і афіцэры, чые лёсы апаліла Афганская вайна. Яны памятаюць, смуткуюць і шчыра вераць, што вайна, якая завяршылася 32 гады таму, была апошняй.
... Хвіліна маўчання. Быццам сэрца стукае метраном. Гучаць імёны тых, хто не вярнуўся «з-за рэчкі», але застаўся ў памяці назаўжды. Да мемарыяльнай пліты з імёнамі загінулых кладуцца кветкі. У журботным маўчанні схіляюцца галовы.
Фота Марыі ЧАРНІЧЭНКА.