Велапаркоўкі з сонечнымі панэлямі ўсталююць у Полацку па праекце «Зялёныя гарады»

08.02.2021

Праект ГЭФ-ПРААН-Мінпрыроды «Зялёныя гарады» працягвае мерапрыемствы па развіцці ўстойлівай гарадской мабільнасці: у прыдачу да ўжо ўсталяваных 25 традыцыйных велапарковак у Полацку ўпершыню з'явяцца 5 велапарковак, аснашчаных сонечнымі панэлямі.

Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў спецыяліст па камунікацыях праекта Руслан Хількевіч.

Велапаркоўкі з сонечнымі панэлямі ўсталююць на назіральнай пляцоўцы ў раёне Сафійскага сабора па вул. Ніжне-Пакроўскай, каля помніка Усяслава Чарадзея на скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Еўфрасінні Полацкай; у скверы насупраць будынка «Белдзяржстрах» у раёне гармат, у скверы па пр. Ф. Скарыны ў раёне капліцы загінулым у Афганскай вайне; каля спартыўнага клуба «Фенікс» па вул. Багдановіча, 3. Працэс устаноўкі зойме каля месяца, крайні тэрмін - 15 сакавіка.

«Спецыялісты па сучаснаму гарадскому развіццю ўсё часцей звяртаюцца да аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ). Прыкладамі, узорамі для пераймання становяцца гарады, якія шукаюць недарагія, экалагічныя і надзейныя крыніцы энергіі, выбіраюць шлях разумнага і зялёнага развіцця. Полацк у іх ліку. Тут разглядаюць АКЭ як неад'емную частку гарадскіх стратэгій», - адзначыў Руслан Хількевіч.

Сонечная панэль - гэта бясплатная і невычэрпная крыніца энергіі, а таксама адсутнасць экалагічнай шкоды для навакольнага асяроддзя. Дзякуючы іх выкарыстанню на новых велапаркоўках можна будзе зарадзіць мабільны тэлефон, планшэт, партатыўны камп'ютар. Канструкцыя такой велапаркоўкі мае лаканічны, стыльны знешні выгляд. Яны арганічна ўпішуцца ў гарадскую сераду.

На сённяшні дзень агульная працягласць веладарожак у Полацку складае 15 км, з якіх 6,5 км пабудавана па праекце «Зялёныя гарады».

Праект фінансуецца глабальным эканамічным фондам і выконваецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Мэта - больш шырокае развіццё планаў зялёнага горадабудаўніцтва і рэалізацыя пілотных ініцыятыў, звязаных з павышэннем энергаэфектыўнасці і ўстойлівым транспартам у малых і сярэдніх гарадах Беларусі.

Крыніца: Белта