Лепшы майстар вытворчага навучання Віцебскай вобласці працуе ў Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы

26.01.2021

Лепшы майстар вытворчага навучання Віцебскай вобласці працуе ў Полацкім дзяржаўным хіміка-тэхналагічным каледжы на аддзяленні грамадскага харчавання.

Гэта Надзея Гарбацёнак - пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Майстар года».

Надзея Іванаўна стала лепшай сярод 15 калег з розных куткоў Віцебшчыны. Майстар прадставіла на суд журы выдатнае партфоліа, якое дэманстравала яе прафесійныя дасягненні, а таксама метадычную распрацоўку занятка па вучэбным прадмеце «Вытворчае навучанне» з відэафрагментамі розных этапаў гэтага занятку. У стварэнні конкурснага прадукту, як адзначае Надзея Гарбацёнак, выдатна дапамагалі навучэнцы, якія пад яе кіраўніцтвам асвойвалі прыгатаванне ава-лактавегетарыянскіх закусак, якія набываюць усё большую папулярнасць у наш час.

Надзея Іванаўна ў хіміка-тэхналагічным каледжы працуе 18-ы год, з тых самых часоў, калі, скончыўшы Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж, прыехала сюды па размеркаванні. У калектыў яна ўлілася на этапе станаўлення аддзялення грамадскага харчавання, у 2003 годзе. Тлумачачы свой прафесійны выбар, суразмоўніца распавядае, што расла ў вялікай сям'і - у бацькоў было пяцёра дзяцей - і Надзея з дзяцінства была мамінай памочніцай на кухні. Так што першыя ўрокі будучай прафесіі былі дома. Затым Надзея паступіла ў Чэрыкаўскае ПТВ, вывучылася на кухара, далей асвоіла спецыяльнасці майстра вытворчага навучання - тэхніка-тэхнолага - у Віцебску, інжынера-тэхнолага – у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. А яшчэ яна беражліва збірае ў сваю скарбонку вытворчага вопыту веды, запазычаныя на курсах, майстар-класах і падчас падрыхтоўкі да розных конкурсаў. Збірае, каб затым дзяліцца імі з хлопцамі, якія, як і яна ў свой час, выбралі свой прафесійны шлях у сферы грамадскага харчавання. Вопыт і майстэрства Надзеі Іванаўны Гарбацёнак становяцца асновай перамог яе навучэнцаў у прафесійных конкурсах на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўнях. Атрымліваецца, любоў да сваёй прафесіі заразлівая, бо менавіта гэта пачуццё натхняе на дасягненне пераможных вяршыняў.

Фота з архіва каледжа.

Крыніца vitvesti.by