Будаўніцтва пажарнай часткі ў мікрараёне Аэрадром у Полацку завершаць да 2023 года

20.01.2021

Да 2023 года плануецца завяршыць будаўніцтва новай пажарнай аварыйна-ратавальнай частці №4 (ПАВЧ-4) у мікрараёне Аэрадром Полацка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мялешкін.

Будаўнічыя працы ў Полацку ўжо пачаты. "Мадэрнізацыя раённых падраздзяленняў абласнога ўпраўлення МНС пачалася ў 2020 годзе і будзе працягвацца сёлета. Праз два гады плануецца адкрыць Полацкую ПАРЧ-4. На яе тэрыторыі з нуля ўзвядуць сучасныя будынкі і аб'екты для трэніровак і падрыхтоўкі ратавальнікаў. Сродкі на ўзвядзенне новай часткі вылучаны з абласнога бюджэту", - адзначыў Сяргей Мялешкін.

Ён дадаў, што тут па прыкладзе пажарнага аварыйна-ратавальнага паста (ПАРП) у аграгарадку Бычыха Гарадоцкага раёна, уведзенага ў строй у красавіку 2020 года, можа з'явіцца добраўпарадкаваная зона адпачынку. Яна будзе даступна для жыхароў прылеглага мікрараёна. Так, на тэрыторыі Бычыхінскага ПАРП размешчаны сучасны комплекс. Там абсталявана пляцоўка для варкаўта, дзе моладзь аграгарадка трэніруецца амаль цэлы год. Мясцовыя жыхары карыстаюцца вулічнымі спартыўнымі трэнажорамі, актыўна займаюцца футболам.

Значныя змены закрануць і размяшчэнне пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада (ПАРА) "Віцязь". Віцебскі спецназ МНС цяпер размяшчаецца на тэрыторыі тэлезавода "Віцязь". Пасля завяршэння рэканструкцыі вытворчай базы на Старабабіновіцкім тракце, якую перадалі ў бязвыплатнае карыстанне абласному УМНС, ПАРА перабазуецца бліжэй да мікрараёна Білева.

"У гэтым годзе будуць весціся праектна-пошукавыя работы па дадзеным аб'екце. Плануецца размясціць там вучэбна-трэніровачную базу, палігон для падрыхтоўкі ратавальнікаў, цепладымакамеру, вучэбную вежу. Рэканструкцыя дазволіць пашырыць аўтапарк УМНС. Дзякуючы выгаднаму размяшчэнню часткі работнікі МНС змогуць забяспечыць бяспеку мікрараёна, які актыўна забудоўваецца, і ў самыя кароткія тэрміны прыбываць на месца па сігнале трывогі", - падкрэсліў Сяргей Мялешкін.