Палачанін выйшаў у фінал праекта «100 ідэй для Беларусі»

17.12.2020

11 снежня ў горадзе Орша прайшоў абласны этап X сезона рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі», дзе былі вызначаны аўтары лепшых інавацыйных стартапаў ад Віцебскай вобласці.

Пуцёўкі ў фінал атрымалі 18 праектаў. У іх ліку аўтар праекта «YouTube канал #голмимоворот», навучэнец Полацкага каледжа УА «ВДУ імя П.М.Машэрава» Раман Аніськовіч.

Наша карэспандэнт пагутарыла з Раманам аб праекце і яго перспектывах.

Як з'явіўся #голмимоворот?

- Мінулым летам у мяне ўзнікла ідэя завесці ютуб-канал, звязаны з беларускім хакеем. Весці яго планаваў у забаўляльнай манеры, браць інтэрв'ю ў хакеістаў з беларускіх каманд у нязмушанай абстаноўцы, задаваць забаўныя пытанні, праводзіць розныя чэленджы. Гэта атрымалася рэалізаваць дзякуючы дапамозе прэс-сакратара ХК «Хімік» Яўгена Кемстача, які прадастаўляе камеру і лакацыі для здымак выпускаў.

Ці ўдзельнічалі вы раней у праектах, падобных «100 ідэй для Беларусі»?

У 2016-2017 я працаваў над праектам мадыфікацыі беларускай хакейнай лігі БХЛ на аснове кампутарнай гульні НХЛ2009, з якім выйшаў у фінал праекта «100 ідэй для Беларусі». Рэалізацыі гэтага праекта, як і стварэнню ютуб-канала, паспрыяла маё захапленне хакеем.

Чым вы займаецеся акрамя развіцця ютуб-канала?

- Я працую каментатарам матчаў беларускай хакейнай лігі на канале ЯСНАеTV, а таксама карэспандэнтам сайта hockey.by .

Ці ёсць нейкая канкрэтная мэта развіцця канала #голмимоворот?

- У першую чаргу - далучэнне людзей да спорту, папулярызацыя зімовых відаў спорту (у прыватнасці хакея). Каб абудзіць цікавасць да беларускага хакейнага чэмпіянату і гульцоў, каб заўзятарам было цікава паглядзець на хакеістаў з іншага ракурсу.

Які вы бачыце перспектыву развіцця вашага ютуб-канала?

У будучыні хацелася б, вядома, захапіць вялікую аўдыторыю, рабіць якасны кантэнт. У перспектыве - сабраць каманду спецыялістаў, каб зрабіць праект больш маштабным. Мяняць фарматы, прыдумляць і рэалізоўваць новыя ідэі, каб гэта было цікава не толькі заўзятарам, але і самім хакеістам.

Рэспубліканскі фінал X юбілейнага сезону маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» адбудзецца ў Мінску ў лютым. Мы жадаем Раману далейшых поспехаў у развіцці і прасоўванні яго праекта.

Ала ГАЛАКТЫЁНАВА.