Лебедзь. Маразы. Людзі.

15.12.2020

Вы бачыце лебедзя на вадаёме, дзе маленькая палонка, або на цалкам змёрзлым вадаёме.

Гэта не значыць, што птушка гіне. Калі ў лебедзя няма бачных траўмаў (вывіхнута крыло, выдраны пёры, кроў) - птушка ў парадку і зможа перажыць мароз. Не падыходзіце блізка, не спрабуйце злавіць лебедзя самастойна: гэта моцная птушка, лебедзь можа сур'ёзна траўмаваць чалавека. Вашы спробы «дапамагчы» згуляюць супраць лебедзя: птушка будзе марнаваць энергію, якая так важна ў халады, на тое, каб ратавацца ад чалавека. Калі птушка не паляцела - значыць, здольная перазімаваць.

Падкормка чалавекам – лішняя нагода для лебедзяў застацца ў Беларусі і не адлятаць на зімоўку. У Беларусі хопіць месцаў зімоўкі для ўсіх пакінутых лебедзяў. Цёплыя ачышчальныя збудаванні птушкі ў стане знайсці, нават калі гэты «аазіс» будзе за сотню кіламетраў, а то і больш. Птушка сама знойдзе падыходзячае месца.

Лебедзі добра пераносяць холад і могуць доўга сядзець нерухома. Птушцы не трэба пераступаць з лапы на лапу, крочыць і грэцца. Калі птушка сядзіць на лёдзе або на беразе, падціснуўшы пад сябе лапы - яна проста эканоміць энергію. З боку можа здацца, што птушка ўмерзла ў лёд. Але вядома толькі некалькі такіх выпадкаў, якія адбыліся з хворымі або параненымі птушкамі. Звярніце ўвагу на відавочныя прыкметы траўмаў (выдраныя пёры, кроў, адтапыранае крыло). Заўважылі? Тады птушцы сапраўды патрэбна дапамога.

Калі яны пляскаюць крыламі, але не ўзлятаюць, гэта не значыць, што не могуць. Так лебедзі проста размінаюцца.

Як толькі мароз скоўвае вадаём - людзі б'юць трывогу, што трэба прасякаць лёд і сачыць, каб у птушак была палонка. У гэтым выпадку таксама не варта ўмешвацца ў прыродныя працэсы: птушка разумее, што вада замярзае, і знойдзе сабе іншае падыходзячае месца зімоўкі. Важна: не выходзьце на лёд самастойна!

Часта ўвечары людзі бачаць чараду лебедзяў, а назаўтра – толькі некалькі птушак. Гэта наводзіць на думкі аб жудаснай смерці ад лап сабак. На самай справе лёду становіцца ўсё больш, палонкі менш, і частка птушак ляціць у іншае месца. Дарослы лебедзь ў стане пастаяць за сябе перад сабакам, а таксама можа моцна ўдарыць чалавека пры набліжэнні (нават зламаць руку): ні ў якім разе не падыходзіце блізка да птушкі!

Часта людзі праводзяць паралель паміж жыццём чалавека і птушкі, лічаць, што лебедзі-першагодкі слабыя. Маладыя птушкі самастойныя і могуць зімаваць асобна ад дарослых асобін.

Лебедзі не паміраюць з голаду. Здаровая птушка знойдзе сабе ежу. Калі ежы няма - птушка зменіць вадаём. Некалькі сутак лебедзь можа не есць, яму хопіць запасаў энергіі. Не спрабуйце накарміць птушку батонам і печывам. У рацыёне дзікай птушкі няма месца здобе. Ад такой «смачніны» яна можа загінуць. Зімой лебедзі харчуюцца ў асноўным падводнымі часткамі раслін. Гэта іх натуральны рацыён. Хлебная падкормка ад чалавека прыводзіць да таго, што вадаплаўныя папросту набіваюць свой страўнік здобай і адчуваюць ілжывае адчуванне сытасці. Але пры гэтым птушкі не атрымліваюць дастатковай колькасці энергіі.

Тлушчавыя запасы - гэта натуральны ўцяпляльнік, які дапаможа птушцы перанесці нізкія тэмпературы і плаваць у халоднай вадзе. З такой тлушчавай праслойкай «дом» не патрэбны лебедзю. І лепшы «ложак» для гэтых вадаплаўных - ціха драмаць на вадзе. Запасы тлушчу птушка можа выкарыстоўваць для кампенсацыі недахопу харчавання.

Многія людзі ідуць карміць качак і лебедзяў з дзецьмі, каб прышчапіць ім любоў да прыроды і адказнасць за яе. Заменіце кармленне простым наглядам. Гэта цікава і не шкодна для птушак.

Зімой у Беларусі застаецца нямала птушак. Сініцы, лазараўкi, вераб'і, снегіры, зелянушкі – вось каго трэба падтрымаць у халады! Гэтыя віды птушак, у адрозненне ад вадаплаўных, не трапляюць у залежнасць ад прыкормкі. Несмажанае несалёнае насенне сланечніка, несалёнае сала не нашкодзяць ім і дапамогуць перажыць халады.

За станам вадаёмаў і іх насельнікаў сочаць тэрытарыяльныя аддзяленні Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з дзяржаўным навукова-вытворчым аб'яднаннем «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» праводзяць улікі зімуючых птушак. Грамадская арганізацыя «Абарона птушак Радзімы» працуе ў кантакце з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь (гэта адзіная служба, у якой ёсць абсталяванне і спецыялісты для выхаду на лёд).

Дзякуй за вашу ўважлівасць да птушак!

(на падставе публікацыі грамадскай

арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны»)