Лоўля ракаў у Беларусі. Як, калі і колькі?

26.10.2020

Многія рыбакі, адпраўляючыся за уловам на вадаём, не супраць злавіць і ракаў. Але не знаходзяць у правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства згадак аб іх здабычы. Полацкая міжраённая інспекцыя нагадвае аб правілах лоўлі ракаў.

Варта ведаць, што ў Беларусі распаўсюджаны два вiды ракаў - шырокапалы і вузкапалы. Шырокапалы уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Яго лоўля забаронена. Сустракаецца ў беларускіх вадаёмах і паласаты рак, здабыча якога не абмежавана з-за інвазіўнасцi і малакаштоўнасцi.

А вось вузкапалы рак - аб'ект прамысловага і аматарскага рыбалоўства. Правілы яго здабычы рэгламентуюцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года № 699 «Аб зацвярджэнні Правілаў здабычы, нарыхтоўкі і (або) закупкі дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства».

Увесну, калі лоўля рыбы забаронена, здабыча рака таксама пад забаронай. У Віцебскай вобласці гэта перыяд з 10 красавіка па 8 чэрвеня. У цяперашні час лоўля ракаў дазволена. Яйцаносных самак і самак з лічынкамі забаронена лавіць ўвесь год.

Існуюць і іншыя абмежаванні: нельга здабываць ракаў з даўжынёй цела менш 10,5 см. ад вострага рострума да канца цяльсона. Для здабычы ў асабістых мэтах патрэбна ракалоўка пэўных параметраў, але не больш за тры на чалавека і толькі ў светлы час сутак. Пакідаць ракалоўку без нагляду нельга. Ракалоўка - гэта прылада здабычы ракаў, сеткаваты квадрат або круг з дыяганаллю (дыяметрам) не больш за 100 см. З замацаванай у цэнтры прынадай або пасткай з адным ці некалькімі (не больш за 5) уваходамі з дыяметрам адтуліны не больш за 70 см.

Забаронена выкарыстоўваць для здабычы рака аквалангі, плавальныя сродкі, ліхтары і іншыя асвятляльныя прыборы. Лоўля рукамі ў цёмны час сутак таксама забаронена.

Норма вылаву - не больш за 2 кг. у суткі на чалавека. За незаконную здабычу кожнай асобіны рака вузкапалага прадугледжаны штраф у памеры 1,5 базавай (40,5 рублёў).

Старэйшы дзяржінспектар Полацкай МРІ,

А.С. Зiновiк