Прымаем на працу замежнага студэнта

08.01.2026

Сотні замежных студэнтаў навучаюцца на тэрыторыі г. Віцебска і Віцебскай вобласці. У перыяд навучання, а таксама ў канікулярны час многія з іх імкнуцца знайсці працу, каб пакрыць выдаткі на навучанне, аплату жылля альбо набыць прадметы першай неабходнасці.

Ажыццяўленне замежнымі грамадзянамі працоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь дапускаецца ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь з улікам асаблівасцяў, устаноўленых Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 года №225-З "Аб знешняй працоўнай міграцыі" (далей – Закон).

Па агульнаму правілу замежнікі ажыццяўляюць працоўную дзейнасць пры ўмове наяўнасці спецыяльнага дазволу на права заняцця працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь (далей – спецыяльны дазвол) і заключэння працоўнага дагавора. Для замежных студэнтаў і выпускнікоў з гэтага правіла ёсць выключэнні.

Так, у адпаведнасці з абзацам 12 часткі другой артыкула 2 Закона замежныя студэнты, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю ў беларускіх установах адукацыі маюць права працаваць без атрымання спецыяльнага дазволу па любой прафесіі, але з важным абмежаваннем: не больш за 20 гадзін у тыдзень. Гэта ўмова дзейнічае на працягу ўсяго перыяду навучання.

Калі замежны студэнт хоча працаваць поўны працоўны дзень або больш за 20 гадзін у тыдзень, то наймальніку неабходна атрымаць у дачыненні да яго спецыяльны дазвол для працаўладкавання.

Замежнаму выпускніку, які атрымаў адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь, не патрабуецца афармленне спецыяльнага дазволу пры ўмове працаўладкавання па атрыманай спецыяльнасці і (або) прысвоенай кваліфікацыі незалежна ад даты заканчэння навучальнай установы.

Калі замежны выпускнік плануе працаўладкоўвацца па іншай спецыяльнасці і прысвоенай кваліфікацыі, не названай у дыпломе, то яму неабходна будзе атрымаць спецыяльны дазвол.

Наймальнікі, якія прыцягваюць для ажыццяўлення працоўнай дзейнасці як замежных студэнтаў, так і выпускнікоў павінны пісьмова паведаміць упраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама аб заключэнні (падаўжэнні тэрміну дзеяння) працоўнага дагавора з замежнікам на працягу трох рабочых дзён з даты яго заключэння (падаўжэння тэрміну дзеяння) і аб спыненні працоўнага дагавора на працягу трох рабочых дзён з даты яго спынення.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.05.2025 №202 "Аб павышэнні ролі наймальнікаў у галіне знешняй працоўнай міграцыі" на працадаўцаў ускладзены дадатковыя абавязкі ў сферы працоўнай міграцыі. У іх ліку ажыццяўленне ацэнкі моўных ведаў замежніка пры прыёме на асобныя пасады (прафесіі), азнаямленне з лакальнымі прававымі актамі на зразумелай для яго мове, наведванне такога работніка дома для ацэнкі ўмоў пражывання і інш. За невыкананне гэтых абавязкаў устаноўлена адміністрацыйная адказнасць з прымяненнем штрафу да 50 базавых велічынь па частцы 7 артыкула 24.35 КоАП.

Непрадстаўленне паведамлення аб заключэнні або прадаўжэнні тэрміну дзеяння, спыненні працоўнага дагавора з замежнікам ва ўстаноўлены тэрмін цягне для адказнай службовай асобы наймальніка або індывідуальнага прадпрымальніка адміністрацыйную адказнасць з прымяненнем штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь па артыкуле 24.11 КоАП.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама 60-34-90 альбо звярнуцца па адрасе: г.Віцебск, пр. Фрунзе, д. 41а, каб. №1 (час прыёму грамадзян: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца з 08.00 да 13.00).

Начальнік АГіМ Полацкага РАУС I. А. Маскаленка