Прэзідэнтам Беларусі памілаваныя і вызваленыя два каталіцкія святары

24.11.2025

На падставе памілавання Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вызваленыя два каталіцкія святары, якія ўчынілі цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, паведамляе БЕЛТА.

Такое рашэнне прынята з улікам інтэнсіфікацыі кантактаў з Ватыканам, а таксама прынцыпаў добрай волі, міласэрнасці і абвешчанага ў Рымска-каталіцкай царкве Юбілейнага года хрысціянства.

Прэс-служба Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ў сваім паведамленні, размешчаным на афіцыйным партале Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, выказала падзяку ўсім, хто спрыяў вызваленню з калоніі зняволеных святароў: Генрыха Калятовіча і Анджэя Юхневіча.

У паведамленні адзначаецца, што дзякуючы кіраўніку дзяржавы і прадстаўнікам Апостальскага пасаду захоўваецца пазітыўная дынаміка двухбаковых адносін, заснаваных на традыцыйных каштоўнасцях, братэрстве, рэлігійнай талерантнасці і павазе да вернікаў.

Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі вітае пазітыўныя тэндэнцыі дзяржавы ў міжнародных адносінах, а таксама ўмацаванне кантактаў з Ватыканам.

"Мы рады візіту ў Беларусь у кастрычніку 2025 года высокага прадстаўніка Папы Рымскага Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроці і дасягнутым дамоўленасцям. Ён з'яўляецца даўнім сябрам Рэспублікі Беларусь, які шмат зрабіў для каталіцкай царквы ў нашай краіне, а таксама для развіцця дзяржаўна-царкоўнага і міжканфесійнага дыялогу. Яго візіт надаў пазітыўны імпульс далейшым кантактам, важным вынікам якіх стала рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у знак міласэрнасці і павагі да Папы, аб памілаванні і вызваленні каталіцкіх святароў, якія адбывалі пакаранне ў месцах пазбаўлення волі", - гаворыцца ў паведамленні.

Непасрэдны і значны ўдзел у гэтым працэсе прынялі прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Іньяцыа Чэфалія і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Іосіф Станеўскі.

У паведамленні таксама адзначаецца, што, заклікаючы перажыць Юбілейны год хрысціянства-2025, Папа Францішак у сваёй буле Spes non confundit ("Надзея не расчаруе") заклікаў зрабіць Святы 2025 год часам прабачэння памылак у адпаведнасці з гістарычным звычаем Царквы.

belta.by