Адзіны дзень бяспекі ў Полацку

12.09.2025

Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь 25 верасня 2025 года праводзіцца Адзіны дзень бяспекі, у задачы якога ўваходзіць прафілактыка надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, навучанне паводзінам ва ўмовах пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, а таксама аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Галоўнымі выканаўцамі мерапрыемстваў Адзінага дня бяспекі з'яўляюцца кіраўнікі і работнікі арганізацый на тэрыторыі рэспублікі, незалежна ад форм уласнасці. Работнікі МНС у гэты дзень наведаюць прадпрыемствы для правядзення трэніровачных заняткаў па эвакуацыі людзей з будынкаў пры пажары.

Ва ўзаемадзеянні з МУС, Міністэрствам аховы здароўя і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, БДПА ратавальнікі арганізуюць у месцах масавага знаходжання людзей тэматычныя інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі для насельніцтва, праводзяць выступленні ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі. Запрашаем на мерапрыемствы, якія будуць праведзены на тэрыторыі Полацкага раёна. Завяршальнае мерапрыемства пройдзе ў гандлёва-забаўляльным цэнтры "Манеж" 25 верасня ў 15:00.

Даведачна: Адзіны дзень бяспекі праводзіцца ў рэспубліцы з 2018 года па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі. Штуршком да правядзення Адзінага дня бяспекі паслужыла трагедыя ў гандлёвым цэнтры "Зімовая вішня" ў расійскім Кемерава, дзе ў 2018 годзе ў выніку пажару загінулі 60 чалавек, з іх 37 дзяцей, яшчэ 79 атрымалі траўмы. Тады ў будынку не было арганізавана апавяшчэнне аб пажары і эвакуацыя наведвальнікаў. Не рабіліся спробы па прадухіленні панікі і падчас пажару ў будынку ўтварылася цісканіна. Шмат людзей загінулі каля эвакуацыйнага выхаду, які ніхто не адкрыў. З-за позняга апавяшчэння аб пажары частка наведвальнікаў загінула ў адной з кіназалаў – шляхі эвакуацыі былі адрэзаныя пажарам.