Чым пагражае выплата заработнай платы "ў канвертах"

06.06.2025

Заработная плата - узнагароджанне за працу, якую наймальнік абавязаны выплаціць работніку за выкананую працу ў залежнасці ад яе складанасці, колькасці, якасці, умоў працы і кваліфікацыі работніка з улікам фактычна адпрацаванага часу, а таксама за перыяды, якія ўключаюцца ў працоўны час.

Аднак, усё часцей і часцей наймальнікі звяртаюцца да схемы выплаты заработнай платы "ў канверце". Пад заробкам "у канверце" разумеецца выплата заработнай платы работнікам без дакументальнага афармлення і адлюстравання ў рэгістрах бухгалтарскага ўліку суб'екта гаспадарання.

Матывуючы работніка пагадзіцца на выплату зарплаты "ў канверце", у якасці аргументу наймальнік выказвае клопат пра працаўніка: без выплаты падаткаў сума заработнай платы, якая выплачваецца работніку, будзе больш, чым афіцыйная.

Работнікі, якія пагадзіліся на прапанову наймальніка атрымліваць заработную плату "ў канвертах", рызыкуюць альбо атрымаць абяцаныя сумы не ў поўным аб'ёме, альбо не атрымаць іх наогул. Вусная дамоўленасць аб памеры і тэрмінах выплаты заработнай платы, фактычна, ні да чаго не абавязвае нядобрасумленнага наймальніка і такія выплаты могуць спыніцца ў любы момант. Пры выплаце заработнай платы "ў канвертах" наймальнік замоўчвае, што працаўнік пазбаўляецца многіх правоў і сацыяльных гарантый, прадугледжаных працоўным заканадаўствам.

Працуючы без афармлення працоўных адносін і атрымліваючы "шэрую зарплату", вы, у сваю чаргу, рызыкуеце страціць такія важныя рэчы як працоўны стаж, права на працоўны водпуск, на дапамогу па часовай непрацаздольнасці, на выплату сярэдняга заробку за час працоўнага водпуску, выхадной дапамогі, аплаты прастою па віне наймальніка, кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск пры звальненні, а таксама правам на атрыманне іншых гарантый і кампенсацый, у выпадку, калі здарыцца вытворчая траўма і г. д.

Акрамя таго, работнік можа нечакана для сябе сутыкнуцца з сур'ёзнымі і, магчыма, непераадольнымі праблемамі. Дакументальна зафіксаваны памер заработнай платы ўлічваецца банкам, пры прыняцці рашэння аб прадастаўленні крэдыту, а таксама іншымі арганізацыямі для вызначэння ўзроўню плацежаздольнасці грамадзяніна, што на практыцы можа выклікаць шэраг цяжкасцяў.

Таму атрыманне заработнай платы "ў канвертах" пагражае негатыўнымі наступствамі не толькі нядобрасумленнаму наймальніку, але і работніку. Такім чынам, у дакументальным афармленні працоўных адносін павінен быць зацікаўлены перш за ўсё сам грамадзянін.

Працаўладкоўваючыся на працу, у першую чаргу работнік і наймальнік абавязаны заключыць у пісьмовай форме працоўны дагавор (кантракт), асобнікі якога павінны захоўвацца як у наймальніка, так і ў работніка. За парушэнне ўстаноўленага парадку прыёму на працу наймальнік нясе адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 20 базавых велічынь.

 

Галоўны дзяржаўны інспектар
Полацкага міжраённага аддзела
Віцебскага абласнога ўпраўлення
Дэпартамента дзяржаўнай
інспекцыі працы Т. Г. Качан