Новага кіраўніка Полацкага раёна Васіля Шылава зацвердзілі на сесіі раённага Савета дэпутатаў

04.06.2025

Сёння на XVIII пазачарговай сесіі пад старшынствам Іосіфа Грыбовіча дэпутаты Полацкага раённага Савета дэпутатаў са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зацвердзілі на пасадзе старшыні Полацкага райвыканкама Васіля Мікалаевіча Шылава.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі, а таксама дэпутаты першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Пасля прадстаўлення і прагучаўшых слоў падтрымкі ў адрас В.М. Шылава адбылося адкрытае галасаванне — дэпутаты былі аднагалосныя. Васіль Шылаў, падзякаваўшы за аказаны давер кіраваць Полацкім раёнам, выказаў упэўненасць у тым, што раёну ўдасца выканаць пастаўленыя задачы, а асабіста ён зробіць усё, каб годна працягваць работу сваіх папярэднікаў.

У падтрымку кандыдатуры Васіля Шылава выказаліся Мікалай Ільюшонак, дэпутат Віцебскага абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў, кіраўнік спраў - начальнік упраўлення справамі райвыканкама, Вольга Захаранка, дэпутат Віцебскага абласнога і раённага саветаў дэпутатаў, намеснік генеральнага дырэктара ААТ "Полацкі малочны камбінат". Дэпутаты Полацкага раённага Савета дэпутатаў прагаласавалі аднагалосна.

- Раён - асаблівы, са сваёй тысячагадовай гісторыяй. Наша агульная задача - зрабіць гэты край яшчэ прыгажэй, камфортней. Падмурак закладзены добры. Усё трэба захаваць і прымножыць, зрабіць Полацкі край яшчэ больш прывабным для турыстаў і інвестараў. Нам трэба будзе правесцi вялікую работу. Задачы складаныя, але выканальныя. Неабходна падтрымка насельніцтва, а для гэтага мы абавязаны палепшыць дабрабыт і якасць жыцця нашых людзей. Кожны на сваім працоўным месцы павінен разумець меру адказнасці ў вырашэнні пастаўленых задач, працаваць у адной камандзе, - адзначыў у сваім звароце Васіль Мікалаевіч.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў Васілю Шылаву службовае пасведчанне, пажадаў разумення і падтрымкі з боку актыву, дэпутацкага корпуса, усіх жыхароў раёна. Ад імя дэпутацкага корпуса новага кіраўніка Полацкага раёна павіншаваў старшыня Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч.

Падчас сесіі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін адзначыў, што папярэдні кіраўнік Ігар Марковіч унёс важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Полацкага раёна, дзе забяспечана эфектыўная работа ўсіх сфер жыццядзейнасці, паспяхова рэалізуецца комплекс мер, праводзіцца вялікая работа па добраўпарадкаванні тэрыторый. Аляксандр Субоцін падзякаваў Ігару Іванавічу за работу і ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама. Яшчэ адзін прыемны момант - уручэнне Ігару Марковічу пасведчання аб занясенні ў Кнігу пашаны Полацкага раёна, знака "За заслугі перад Полацкам".

- Ганаруся, што на Полацкай зямлі завяршаецца мая працоўная дзейнасць. Пяць з паловай гадоў запомніліся сумеснай плённай працай на карысць Полацкага раёна і яго жыхароў. Мы разам пераадольвалі цяжкасці, радаваліся дасягненням. Я ўдзячны ўсім за падтрымку, давер, разуменне. Без узаемнай дапамогі і актыўнага ўдзелу немагчыма было б рэалізаваць многія праекты. Жадаю палачанам моцнага здароўя, радасці, дабрабыту, міру, а Полацкаму раёну — росквіту, — звярнуўся да ўсіх прысутных Ігар Марковіч.

Палітыка развіцця Віцебшчыны непадзельная з палітыкай развіцця кожнага рэгіёна, падкрэсліў кіраўнік вобласці, канкрэтызуючы задачы, якія неабходна вырашаць на Полаччыне. І таму кадры на месцах павінны з поўнай адказнасцю ставіцца да выканання пастаўленых мэт.

Даведка "ПВ":

Васіль Мікалаевіч Шылаў нарадзіўся ў 1987 годзе ў в. Панычава Бакчарайского раёна Томскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Адукацыя вышэйшая: скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці "аграномія" і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі АПК".

З 2007 года працаваў аграномам, з 2008 — галоўным аграномам ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна. У 2014 годзе ўзначаліў ААТ "Нурава". З 2017 года працаваў першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Верхнядзвінскага райвыканкама, з 30 снежня 2019 года па 2 чэрвеня 2025 года — старшынёй Верхнядзвінскага раённага выканаўчага камітэта.

pvestnik.by