Сёлета 29 красавіка праваслаўныя адзначаць Радаўніцу - дзень першага пасля Вялікадня агульнацаркоўнага памінання памерлых у народнай традыцыі ўсходніх славян. У гэты дзень прынята наведваць могілкі і наводзіць парадак на магілах нябожчыкаў. Людзі прыязджаюць успомніць пра спачылых сваякоў і прыбраць магілы, якія патанаюць у дары: печыва, цукеркі, свечкі і кветкі, пераважна штучныя. Могілкі ператвараюцца ў каляровы дыван з такіх кветак, спараджаючы велізарную праблему для прыроды і чалавека.
Штучныя кветкі негатыўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе і здароўе насельніцтва, перамяшчаючы пластыкавыя часціцы і небяспечныя складнікі. Большасць кветак робяць з танных і не заўсёды бяспечных матэрыялаў. У працэсе вытворчасці для надання стойкасці іх неаднаразова апрацоўваюць хіміяй, а потым афарбоўваюць таксічнымі анілінавымі фарбамі, здольнымі выклікаць галавакружэнне, галаўны боль і агульную слабасць.
Такія кветкі не паддаюцца перапрацоўцы, настолькі складана ідэнтыфікаваць выгляд матэрыялу, з якога іх вырабляюць. Сартаваць штучныя кветкі не ўдаецца і, як вынік, яны аказваюцца на звалках, тым самым павялічваючы антрапагенную нагрузку на навакольнае асяроддзе, пачынаюць вылучаць таксічныя рэчывы, забруджваючы глебу, паветра і грунтавыя воды. Тэрмін іх раскладання складае некалькі сотняў гадоў. А пры спальванні ў атмасферу трапляюць цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўплываюць на здароўе людзей.
Толькі ўдумайцеся, кожны год пасля рэлігійных святаў на палігоны цвёрдых камунальных адходаў вывозяць каля мільёна пластыкавых раслін!
Афіцыйнай забароны на выкарыстанне штучных кветак няма. Але Міністэрсва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае адмовіцца ад такіх упрыгожванняў пры добраўпарадкаванні месцаў пахавання. Альтэрнатыва - жывыя расліны ў чыгунах, мнагалетнікi, высаджаныя ў грунт, карлікавыя хмызнякі, газонная трава, вечназялёныя іглічныя дрэвы, ці проста сціплы букет свежазрэзаных кветак. Так, яны не прастаяць так доўга, як пластыкавыя, але затое яны будуць сапраўднымі і захаваюць жывое цяпло вашых рук і сэрцаў.
Наваполацкая гарадская і раённая
інспекцыя прыродных рэсурсаў і
аховы навакольнага асяроддзя