Як ні дзіўна, але легенда аб тым, што нехта з блізкіх сваякоў трапіў у бяду, і тэрмінова патрабуецца перадаць грошы кур'еру для шчаснага вырашэння пытання - актуальная і дагэтуль.
Схема "Алё, мама!" такая - зламыснікі тэлефануюць пажылым людзям, у асноўным на гарадскі нумар тэлефона, прадстаўляюцца сваякамі, якія трапілі ў ДТЗ і нібыта маюць патрэбу ў тэрміновай матэрыяльнай дапамозе для кампенсацыі ўрону і не прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Як правіла ашуканцы тэлефануюць у буднія дні днём, калі маладыя члены сям'і на працы ці вучобе. Для пераканаўчасці выкарыстоўваюць заплаканы голас. Пасля тлумачэння прычыны "сваяк" перадае трубку "следчаму" і той завяршае пачатае саўдзельнікам: расказвае, што грошы трэба скласці ў пакет, дачакацца, пакуль прыедзе чалавек, і аддаць. Калі кур'ер па грошы не прыязджае, пацярпелых пераконваюць, што трэба самастойна ісці ў банк і пераводзіць грошы на электронныя рахункі.
Аферысты застаюцца на сувязі са сваімі ахвярамі нават пасля перадачы грошай, каб пацярпелы не змог патэлефанаваць сапраўдным сваякам.
Варта памятаць, што тэхналогіі не стаяць на месцы, і ашуканцы ўсё часцей выкарыстоўваюць спецыяльныя праграмы, з дапамогай якіх можна сінтэзаваць голас абранага чалавека, тым самым падрабляць галасы сваякоў і знаёмых ахвяр.
Часта, мішэнню ашуканцаў становяцца пенсіянеры, бо іх прасцей увесці ў зман. Менавіта гэтую катэгорыю грамадзян лёгка вывесці на эмоцыі, асабліва калі справа датычыцца іх блізкіх.
Два вельмі яркія прыклады адбыліся ў бягучым месяцы на тэрыторыі горада Полацка:
У міліцыю звярнулася 86-гадовая жыхарка Полацка, якую падманулі тэлефонныя аферысты. Жанчына паверыла ў гісторыю аб ДТЗ, віноўніцай якога нібыта аказалася яе дачка, і перадала кур'еру, які прыбыў, амаль 50 тысяч рублёў у эквіваленце. Сышчыкі па гарачых слядах затрымалі фігуранта - 23-гадовага жыхара Міншчыны. Ён знайшоў аб'яву аб лёгкім заробку ў мэсэнджэры. Забраўшы пасылку, па заданні куратара адвёз яе ў Оршу і перадаў пасярэдніку - 32-гадоваму жыхару Дуброўна, які ў далейшым таксама быў затрыманы.
На наступны дзень па аналагічнай схеме яшчэ адна палачанка аддала іншаму кур'еру амаль 30 тысяч рублёў у эквіваленце. З выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі аператыўнікі ўстанавілі асобу і маршрут падазронага - 21-гадовага жыхара Гомельшчыны. Супрацоўнікі ДАІ затрымалі яго ў Аршанскім раёне. Грошы канфіскаваны і будуць вернуты пацярпелай.
Нагадваем: пры паступленні падобных званкоў варта неадкладна спыніць размову і паведаміць пра тое, што адбылося ў міліцыю. Кур'еры тэлефонных ашуканцаў нароўні з іншымі ўдзельнікамі злачынных схем прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці і абавязаны пакрываць прычыненую шкоду.
Якім жа чынам засцерагчыся ад тэлефонных махлярстваў?
- ні ў якім разе не паддавайцеся паніцы і пад любой падставай спыніце размову з незнаёмцам;
- не варта давяраць званкам і паведамленням аб тым, што сваяк або знаёмы трапіў у ДТЗ, затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за ўчыненне злачынства, асабліва, калі за гэтым ідзе просьба аб пералічэнні грашовых сродкаў. Калі падчас размовы ўзнікаюць сумневы, варта патэлефанаваць чалавеку, ад імя якога вам тэлефануюць;
- не варта перадаваць грошы незнаёмым людзям.
Начальнік Полацкага РАУС В.А. Пяткун