Уладзіслаў Ганчароў стаў лепшым у спаборніцтвах мужчын, набраўшы 61,590 бала. На другім месцы размясціўся кітаец Донь Донь (60,320). Замкнуў тройку прызёраў японец Даікі Кішы (59,365). Яшчэ адзін прадстаўнік нашай краіны Алег Рабцаў заняў восьмае месца (30,765).
Ганчароў і Рабцаў у сінхронных скачках заваявалі срэбра, атрымаўшы ад суддзяў 52,280 бала і прайграўшы японскаму дуэту Даікі Кішы і Русуке Касаі (52,430).
У жаночых індывідуальных спаборніцтвах беларуска Марыя Махарынская набрала 54,650 бала і спынілася за крок ад п'едэстала. Золата дасталася кітаянцы Лю Ліньлінь (57,050), срэбра — канадцы Разане МакЛенан (56,245), бронза — японцы Чысата Даіхата (55,800).
У сінхронных скачках беларуская пара — Валянціна Багамолава і Ангеліна Хацян — заваявала золата (47,420), апярэдзіўшы дуэты з Аўстраліі і Бразіліі.
Дадамо, што Кубак свету па скачках на батуце з'яўляецца адборачным на Алімпіяду-2020 у Токіа.