Праз вайну, якая доўжылася амаль 10 гадоў, прайшлі больш за 30 тысяч беларусаў-вайскоўцаў і грамадзянскіх спецыялістаў, якія з гонарам выканалі свой абавязак, дэманструючы найвышэйшы прафесіяналізм, бяспрыкладную мужнасць і сілу духу, вернасць прысязе і Айчыне.
Ля капліцы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сабраліся кіраўніцтва раёна, ветэраны вайны ў Афганістане, вайскоўцы, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, палачане розных пакаленняў, духавенства. Усе, хто неабыякавы да лёсу краіны, яе мінулага і будучыні.
Памяць пра вайну болем адклікаецца ў сэрцах маці, бацькоў, удоў, дзяцей тых хлопцаў, якія вярнуліся дадому "грузам-200". Імёны герояў увекавечаны ў бронзе і граніце.
- 36 гадоў аддзяляе нас ад таго часу, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. У гэты дзень мы ўспамінаем усіх, хто з гонарам прайшоў суровыя выпрабаванні, абараняючы інтарэсы Радзімы ўдалечыні ад роднага дома. Ветэраны вайны ў Афганістане, як ніхто іншы, ведаюць рэальную цану міру і стваральнай працы, — падкрэсліў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч.
Падзякаваў Ігар Іванавіч воінам-афганцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзел у грамадскім жыцці Полаччыны, выхаванне падрастаючага пакалення, як сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Радзімы.
Не абыйшла бокам вайна ў Афганістане і жыхароў нашага раёна. Каля пяцісот палачан прынялі ў ёй удзел. 32-атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. 29 хлопцаў гераічна загінулі.
Старшыня Полацкай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" Фёдар Яськоў у сваім выступе казаў, што воіны-інтэрнацыяналісты ўдалечыні ад радзімы, выяўляючы мужнасць і гераізм, з гонарам выканалі воінскі абавязак. Наша задача - памятаць пра подзвіг, здзейснены ў імя Айчыны на далёкай зямлі.
Значнасць самаахвярнасці і гераізму тых, хто аддаў свае жыцці за абарону міру і справядлівасці, падкрэсліў протаіерэй Валерый Рыжанкоў, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
... Хвіліна маўчання, трохразовыя залпы, запаленыя лампады — кожнае імгненне памятнага мітынгу цяжкім каменем смутку асядала ў душах удзельнікаў сустрэчы. Завяршыўся мітынг ускладаннем вянкоў і кветак. Жыццё працягваецца, але памяць захоўвае ўсё.
У гэты ж дзень адбыліся мітынг ля помніка воінам-афганцам 9-га аўтабатальёна ў г.п. Ветрына і тэматычны канцэрт у Полацкім гарадскім Палацы культуры.