Зарадка для зялёных. На полацкіх дарогах усё больш электрамабіляў

10.02.2025

Усё часцей на дарогах Полацка можна сустрэць аўто з зялёнымі нумарамі. І гэта не дзіўна, бо колькасць электрамабіляў у Беларусі значна вырасла. Як адзначаюць эксперты, у 2024 годзе колькасць электракараў склала каля 20 тысяч.

Стымул для электра-

Дзяржава на заканадаўчым узроўні падтрымала імкненне беларусаў набываць электрамабілі: падпісаны Указ №92 "Аб cтымуляванні выкарыстання электрамабіляў" і Указ №447, які ўвёў дадатковыя льготы для юрыдычных асоб пры ўвозе электрамабіляў.

Наяўнасць атамнай электрастанцыі таксама ўмацоўвае патэнцыял для нарошчвання колькасці электратранспарту. Існуе беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства - СЗАТ "БЕЛДЖЫ", якое ўжо прадставіла на рынку электрамабіляў сваю прадукцыю. Інфраструктура для аўто на батарэйках таксама развіваецца.

Па дзяржаўнай праграме развіцця электратранспарту на 2021-2025 гады дзяржаўным аператарам ЭЗС з'яўляецца ВА "Беларуснафта". Заправачныя станцыі адкрываюць і іншыя кампаніі, і ва ўсіх аператараў агульная задача - забяспечыць базавую сетку зарадных станцый для надання імпульсу развіцця электрамабільнага рынку ў краіне.

Хутка і яшчэ хутчэй

Рост колькасці электракараў і інфраструктура для іх узаемна стымулююць развіццё адзін аднаго. Напрыклад, як раней паведамлялася ў адкрытых крыніцах, ва ўпраўленні "Маланка" кампаніі "Беларуснафта" ў планах на 2025, 2026 і 2027 гады - увод па 200-250 зарадных станцый, а на 2028 год - больш за 300. Прычым новыя станцыі будуць толькі хуткімі і суперхуткімі. На 2025 год запланаваны станцыі магутнасцю на 120 кВт, а ў далейшым - толькі на 175 кВт і вышэй, што дазволіць зараджаць аўтамабіль на сотні кіламетраў прабегу літаральна за хвіліны. Месцы размяшчэння зарадных станцый выбіраюць пры дапамозе шматфактарнага аналізу, арыентуючыся на іх запатрабаванасць спажыўцом.

У Полацку

На сённяшні дзень у горадзе працуюць некалькі станцый зарадкі электрамабіляў. Напрыклад, дзве дзейнічаюць на вуліцы Багдановіча ў раёне крамы "Грын", адна - на вуліцы Віленская шаша. Разглядаецца магчымасць устаноўкі яшчэ каля дзесяці зарадных станцый у розных мікрараёнах - цэнтральнай частцы горада, на Марыненка і ў Аэрапорце. На частку з іх ужо выдадзены дазволы на правядзенне праектных і пошукавых работ для будаўніцтва з мэтай устаноўкі станцый.

P.S. Нашы рэспандэнты і іншыя палачане, з якімі ўдалося пагаварыць на дадзеную тэму, у асноўным не супраць абзавесціся электрамабілямі, але асцерагаюцца, што яшчэ могуць узнікнуць складанасці ў іх штодзённай эксплуатацыі. Нараўне з упэўненасцю ў надзейнасці такога віду транспарту, важным аспектам для набыцця электрамабіля многія лічаць магчымасць бесперашкодна падарожнічаць паміж населенымі пунктамі і абласцямі, а таксама магчымасць хуткай зарадкі. І работа па рашэнні гэтых задач ідзе паўсюдна ў нашай краіне.

Мы пацікавіліся ў палачан-аўтааматараў іх меркаваннем аб развіцці парка электрамабіляў. А таксама спыталі: будзь такая магчымасць, купілі б яны электрамабіль ці ўсё роўна аддалі б перавагу транспарту на традыцыйным паліве?

Вераніка Прыпуценка, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар:

— Электрамабілі — гэта не проста трэнд, а вялізны крок да больш экалагічнай будучыні. Мы ўсё больш сутыкаемся з глабальным пацяпленнем і знясіленнем прыродных рэсурсаў, і кожная замена аўтамабіля з рухавіком унутранага згарання на электрычны - гэта ўклад у захаванне навакольнага асяроддзя. Шырокае развіццё зараднай інфраструктуры і зніжэнне коштаў на электрамабілі робяць іх усё больш даступнымі. Увогуле, я аптымістычна гляджу на развіццё гэтага напрамку і гатова падтрымліваць яго. Вельмі хацелася б сесці за руль электрамабіля і параўнаць яго з прадукцыяй нашага традыцыйнага аўтапрама. Цікава было б параўнаць два віды аўтамабіля па камфорце і надзейнасці тэхнічнай часткі. Купіла б сабе электрамабіль, калі б такая была магчымасць.

Станіслаў Бараш, інжынер-электратэхнік:

- Электрамабілі - гэта не проста навінка на рынку, гэта будучыня транспартнай галіны, і да іх я стаўлюся з вялікай сімпатыяй. З пункту гледжання экалогіі пераход на электрычнае паліва дасць магчымасць істотна скараціць выкіды вуглякіслага газу і зменшыць забруджванне паветра. Гэта асабліва важна для гарадоў, дзе праблема смогу становіцца ўсё больш вострай. Праўда, сабе электрамабіль пакуль не купіў бы, бо тэхналогіі яшчэ не ідэальныя. Таксама неабходна развіваць інфраструктуру зарадных станцый і паляпшаць аўтаномнасць. Аднак веру, што з кожным годам гэтыя пытанні будуць вырашацца і электрамабілі стануць больш даступнымі і зручнымі для грамадзян.

Дзяніс Повасар, вадзіцель:

- Лічу, што электрамабілі - не толькі крок наперад у тэхналагічным прагрэсе, але і важны ўклад у абарону навакольнага асяроддзя. Яны здольныя зменшыць нашу залежнасць ад выкапневых вiдаў паліва. З кожным годам колькасць зарадных станцый павялічваецца, і гэта робіць выкарыстанне электрамабіляў больш даступным і зручным. Аднак у мяне ёсць і некаторыя сумневы. Напрыклад, неабходна ўлічваць пытанні ўтылізацыі батарэй і іх уплыў на прыроду. Важна, каб вытворцы распрацоўвалі рашэнні для перапрацоўкі і мінімізацыі ўздзеяння на экалогію. Калі ўбачу, што ўсе мае асцярогі вырашыліся, то абавязкова набуду электрамабіль.

pvestnik.by