У Полацкім райвыканкаме адбыўся семінар-нарада з кіруючым складам участковых камісій

17.01.2025

З 21 студзеня пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка да правядзення важнай электаральнай кампаніі выйшла на фінішную прамую.

У Полацкім райвыканкаме адбыўся семінар-нарада з кіруючым складам участковых камісій бліжэйшых раёнаў і г. Наваполацка. У ім прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, старшыня Віцебскай абласной выбарчай камісіі Дзмітрый Хома, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў.

Кіраўнік вобласці ў пачатку нарады падкрэсліў, што выбары - гэта ключавая палітычная падзея, якая вызначыць будучыню ўсёй краіны, пазначыўшы, якія падрыхтоўчыя работы ўжо
праведзены:

- Створаны абласны штаб, пяць рабочых груп па аказанні садзейнічання выбарчым камісіям. У вобласці ўтворана 26 тэрытарыяльных камісій (абласная, 21 раённая, Наваполацкая гарадская і 3 раённыя ў Віцебску) па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у склад якіх увайшлі 287 чалавек.

У цэлым, як адзначылі спікеры, электаральная кампанія на тэрыторыі Віцебшчыны праходзіць арганізавана, створаны ўсе ўмовы, каб грамадзяне маглі рэалізаваць сваё выбарчае права.

Пасля дэманстрацыі навучальных фільмаў больш дэталёва абмеркаваны асноўныя пытанні. Сярод іх - узаемадзеянне членаў участковых камісій з праваахоўнымі органамі для забеспячэння бяспекі на ўчастках, выкананне заканадаўства падчас правядзення датэрміновага і асноўнага дня галасавання, папярэджанне канфліктных сітуацый і інш.

- У кожным раёне вобласці створаны рабочыя групы, якія акумулююць інфармацыю па бягучай сітуацыі, мы гатовыя спыніць любую супрацьпраўную дзейнасць. З пачатку датэрміновага галасавання на Віцебшчыне будуць працаваць 68 мабільных груп, - падкрэсліў Андрэй Любімаў. Наша галоўная задача - забяспечыць на належным узроўні правядзенне выбараў.

Аксана Грыб, старшыня выбарчай камісіі ўчастка для галасавання №18 па Полацкім раёне:

- Наш участак для галасавання гатовы. Пасля праведзенага ў СШ №14 імя М.С. Грыневіча капітальнага рамонту памяшканне, дзе размяшчаецца ўчастак, змянілася. Ужо ідзе дзяжурства, члены камісіі - людзі вопытныя, але дадатковая інфармацыя заўсёды патрэбна.

Семінар пазнавальны і ўдзел у ім дапаможа пазбегнуць магчымых памылак.

pvestnik.by