Старшыня Полацкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лёдзій Лысёнак расказаў аб рабоце ўчастковых камісій

14.01.2025

Электаральная кампанія ў разгары. Да 25 студзеня ўключна будзе доўжыцца агітацыйная кампанія кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

На дадзеным этапе выбарчай кампаніі актыўна ўключыліся ў работу ўчастковыя камісіі. Аб гэтым паведаміў старшыня Полацкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лёдзій Лысёнак:

— Цяпер участковымі камісіямі праведзена зверка спісаў выбаршчыкаў, уключаных па месцы рэгістрацыі. У выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць толькі асобы, якія дасягнулі да моманту галасавання 18 гадоў і старэйшыя і якія маюць статус грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што грамадзяне, якія маюць адначасова пастаянную і часовую рэгістрацыю, уключаны ў спісы толькі па месцы часовай рэгістрацыі (напрыклад студэнты).

- Ці можна прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі?

- Можна, асобным катэгорыям выбаршчыкаў пры наяўнасці пэўных умоў. Неабходна ва ўчастковую камісію прадаставіць пашпарт і адпаведны сітуацыі дакумент. Калі грамадзянін хоча прагаласаваць па месцы знаходжання, то ў гэтым выпадку - зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку дагавор найму або арэнды жылля, пасведчанне аб праве ўласнасці на нерухомую маёмасць. Муж і жонка з рознымі месцамі рэгістрацыі таксама могуць прагаласаваць у адным месцы пры прад'яўленні пасведчання аб шлюбе. Асобам сталага ўзросту, якія пражываюць у дзяцей, і, наадварот, асобам, якія даглядаюць састарэлых бацькоў або хворых сваякоў, можна прагаласаваць па месцы знаходжання пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае роднасныя адносіны (пасведчанні аб нараджэнні).

Галасуючым не па месцы рэгістрацыі важна ведаць, што для ўключэння ў спіс выбаршчыкаў неабходна звярнуцца ва ўчастковую камісію не пазней за 25 студзеня уключна. 26 студзеня ў дзень выбараў усе вышэйзгаданыя ўмовы для выбаршчыкаў, якія захочуць прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, не працуюць. Змогуць прагаласаваць толькі тыя, хто да дня выбараў заявіў аб сваім жаданні і быў дадаткова ўключаны ў спіс.

— Дазволена праверыць загадзя, ці ўключаны выбаршчык у спіс?

— Пачынаючы з 10 студзеня кожнаму выбаршчыку ў памяшканні ўчастковай камісіі забяспечана магчымасць праверыць, ці ўключаны ён у спіс і ці правільна ўказаны звесткі аб ім. Пры гэтым кожны можа праверыць толькі сябе, бо звесткі аб іншых грамадзянах камісія прадастаўляць не мае права, грунтуючыся на заканадаўстве аб абароне персанальных даных. У гэты перыяд участковыя камісіі працуюць у буднія дні з 17.00 да 19.00, у суботу - з 12.00 да 14.00.

— Раскажыце, калі ласка, пра магчымасць датэрмінова прыняць удзел у галасаванні.

— Датэрміновае галасаванне пройдзе з 21 па 25 студзеня. Прагаласаваць можна будзе з 12.00 да 19.00 без перапынку.

— Хто можа скарыстацца магчымасцю прагаласаваць дома?

— Калі выбаршчык, уключаны ў спісы, па стане здароўя або па іншых прычынах не можа прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання, ён можа па тэлефоне ці праз сваякоў, знаёмых падаць ва ўчастковую камісію вусную ці пісьмовую заяўку з просьбай арганізаваць яму галасаванне па месцы знаходжання. У дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 26 студзеня, прыём заявак заканчваецца ў 18.00, аднак галасаванне па месцы знаходжання будзе праводзіцца да 20.00. Галасаванне па месцы знаходжання будзе забяспечвацца ўчастковымі камісіямі толькі 26 студзеня.

pvestnik.by