З 8 студзеня ў сувязі з рэканструкцыяй моста па вул. Кастрычніцкай праз р. Палату ўнесены змены ў арганізацыю дарожнага руху

22.01.2025

З 8 студзеня ў сувязі з рэканструкцыяй моста па вул. Кастрычніцкай праз р. Палату ўнесены змены ў арганізацыю дарожнага руху.

Пытанні разглядаюцца рэгулярна падчас працоўных нарад пад кіраўніцтвам старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Марковіча, аператыўна ўносяцца карэктывы. Тэма - актуальная і для нашых чытачоў. Інфармацыю падалі спецыялісты аддзела ДАІ Полацкага РАУС, ТАА "Экамост" на падставе праведзеных даследаванняў і аналізу ўмоў руху.

Увага скрыжаванням

Пасля закрыцця моста інтэнсіўнасць руху па вул. Гогаля, Еўфрасінні Полацкай, Кастрычніцкай павялічылася ў 1,5-2 разы ў залежнасці ад часу сутак і дня тыдня. Таму нават пры выкананні ўсіх мерапрыемстваў па павелічэнні прапускной здольнасці ў пікавыя перыяды могуць узнікаць заторавыя сітуацыі.

На скрыжаванні вуліц Кастрычніцкай і Еўфрасінні Полацкай зменены схемы руху па палосах і святлафорнае рэгуляванне. Закрыты пешаходны пераход праз вул. Еўфрасінні Полацкай з боку вул. Камуністычнай для забеспячэння магчымасці праезду транспартных сродкаў па асноўным маршруце руху і выключэнні небяспечных сітуацый.

Таксама зменена святлафорнае рэгуляванне і размеркаваны напрамкі руху па палосах на скрыжаваннях вул. Кастрычніцкай — вул. Гогаля, вул. Камуністычнай — вул. Гогаля для забеспячэння праезду транспарту і разгрузкі названых участкаў.

Для пропуску магчымых інтэнсіўных патокаў транспарту і забеспячэння бяспекі дарожнага руху на скрыжаванні вуліц Еўфрасінні Полацкай і Камуністычнай забаронены прамы рух з боку вул. Замкавай у бок вул. Кастрычніцкай і левапаваротны рух у другарадным рэжыме з боку вул. Камуністычнай у бок вул. Замкавай.

Аддзел ДАІ Полацкага РАУС просіць удзельнікаў дарожнага руху з павагай і разуменнем ставіцца адзін да аднаго, да правядзення дарожных будаўнічых работ і прынятых мер па змене арганізацыі дарожнага руху.

ДАІ ў дапамогу

Аптымальныя маршруты для вадзіцеляў прапануе аддзел ДАІ Полацкага РАУС. Калі, напрыклад, неабходна дабрацца ад рынку г. Полацка, Дома гандлю да мікрараёна Марыненкі, варта выбіраць накіраванне па вуліцах Гогаля, Кастрычніцкай, Юбілейнай, П. Броўкі. Ад аўтавакзала да плошчы Свабоды зручней ехаць па вуліцах Кастрычніцкай, Юбілейнай, праспекце Францыска Скарыны.

Важная інфармацыя для пешаходаў: на час закрыцця моста ліквідаваны пешаходныя пераходы праз вуліцу Еўфрасінні Полацкай з боку дзіцячай паліклінікі, праз вуліцу Кастрычніцкую з боку аўтавакзала, праз вуліцу Камуністычную на скрыжаванні з вул. Еўфрасінні Полацкай. Перасячэнне праезных частак па названых вуліцах будзе ажыццяўляцца на бліжэйшых пешаходных пераходах, што размешчаны паблізу БШ №9, Дома быту, у раёне корпуса №1 Полацкага райвыканкама.

Дзяжурныя экіпажы ДАІ гатовы аказаць дапамогу ўдзельнікам дарожнага руху. Першачарговая задача для праекціроўшчыкаў, дарожных і будаўнічых арганізацый, Дзяржаўтаінспекцыі - стварэнне бяспечных умоў для перамяшчэння грамадзян, што не заўсёды, на жаль, з'яўляецца зручным для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

pvestnik.by