У полацкіх кандытараў чарговыя перамогі

16.11.2024

У каманды кандытараў з Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа - новыя перамогі і ўзнагароды, атрыманыя на конкурсных мерапрыемствах міжнароднага хлебнага салона ў рамках юбілейнай ХХХ выставы-кірмашу "ПРАДЭКСПА".

Бронзавых медалёў удастоены: работа з шакаладу, выкананая майстрам п/а Аленай Дзіевай, работа з халодных харчовых прадуктаў, вырабленая яе калегай Надзеяй Гарбацёнак, і кветкі з зефіру навучэнкi Ганны Канавалавай. "Серабро" ў скарбонку ўзнагарод каледжа прынеслі пернікі навучэнкi Марыі Яраш. Такую ж узнагароду заваявалі майстар п/а Вера Дубнель са сваёй мастацкай работай з халодных харчовых прадуктаў, выкладчык Наталля Зайцава, якая прадставіла работу з масцікі, і майстар п/а Валерыя Галаўко, якая вырабіла на конкурс кветкі з зефіру. Дзве ўзнагароды ў розных намінацыях у навучэнкi Вікторыі Палай: работа з гародніны і садавіны адзначана сярэбраным медалём, а вырабленыя ёю пернікі атрымалі "золата"!

pvestnik.by