Вялікі тэатр Беларусі аб'яўляе старт сямейнага конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка"

18.10.2024

Вялікі тэатр Беларусі аб'яўляе старт сямейнага конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка". Сёлета ён пройдзе 11-ы раз, але ўмовы конкурсу ўжо крыху змяніліся, паведамляе прэс-служба Вялікага тэатра Беларусі.

У 11-ы раз Вялікі тэатр Беларусі аб'яўляе старт штогадовага сямейнага конкурсу "Навагодняя тэатральная цацка" ў рамках праекта "Вялікі тэатр - дзецям". І мы зноў прапануем вялікім, маленькім і самым маленькім гледачам прыняць у ім удзел.

У гэтым годзе работы ўдзельнікаў конкурсу будзем прымаць да 30 лістапада (уключна). Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 21 снежня днём - у 13:00. У перадсвяточнай атмасферы Дзед Мароз і Снягурка ўручаць пераможцам і ўдзельнікам падарункі, заахвочвальныя прызы. Ніхто не сыдзе з тэатра без спецыяльнага дыплома! Рэжысёрам святочнага дзейства ў фае выступіць Наталля Бараноўская.

Дарагія сябры! Чакаем, як заўсёды з нецярпеннем, вашы работы (старанна спакаваныя, калі яны будуць перасылацца поштай) па адрасе: 220029 г. Мінск, пл. Парыжскай Камуны, 1, Вялікі тэатр Беларусі, Службовы пад'езд №7 (пост аховы). Мінчане могуць прынесці цацку ў тэатр з 10:00 да 17:00 (штодня, акрамя святочных дзён) па адрасе: пл. Парыжскай Камуны, 1, 7-ы пад'езд, службовы ўваход. (Пакінуць на пасту аховы.) Кантактныя тэлефоны: (+375 17) 254-3489, (+375 33) 901-28-89.

Сябры, звярніце ўвагу: умовы конкурсу няшмат, але змяніліся. Так, работа павінна лёгка мацавацца на ёлцы. Вы ж памятаеце, што ўсе вашы цудоўныя цацкі будуць упрыгожваць навагоднюю ёлку ў фае тэатра. Вага вырабу не павінна перавышаць 400г, а яе памер – 15 см. Ад кожнага ўдзельніка (сям'і) прымаецца не больш за адзiн выраб.

Калі будзеце ўважліва чытаць Палажэнне конкурсу, то звернеце ўвагу, што вам будзе неабходна запоўніць заяўку на ўдзел.

Сёлета строгае, але справядлівае журы конкурсу ўзначаліць галоўны мастак тэатра – Любоў Сідзельнікава. Таксама ў склад тых, хто будзе адбіраць пераможцаў у намінацыях, увойдуць: галоўны дырыжор тэатра, народны артыст Башкартастана Арцём Макараў; галоўны рэжысёр тэатра, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Маторная; галоўны балетмайстар тэатра, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб; загадчыца трупы оперы, народная артыстка Беларусі, салістка оперы Анастасія Масквіна; загадчыца трупы балета, уладальніца медаля Францыска Скарыны Ганна Фокіна і інш.

pvestnik.by