Працягваюцца работы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў г. Полацку

08.10.2024

Працягваюцца работы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі ў г. Полацку.

Найбольшая колькасць праблемных участкаў - у мікрараёне Громы. Нягледзячы на тое што ў мінулыя гады тут ужо быў выкананы значны аб'ём работ па прывядзенню ў парадак дарог, дваровых тэрыторый, рамонты працягваюцца.

На мінулым тыдні сіламі ДБУ №2 выканана асфальтаванне дарогі па 4-м завулку Куйбышава. Аб'ём 4300 м. кв. Падчас правядзення на аб'екце рабочай нарады з удзелам старшыні Полацкага райвыканкама Ігара Марковіча, кіраўнікоў дарожна-будаўнічай арганізацыі, КУП "ЖКГ г. Полацка" ўвага нададзена навядзенню парадку на прылеглых да дарогі тэрыторыях прыватнага сектара. Не ўсе гаспадары сочаць за выдаленнем кустоў, травы каля платоў і водаадводных канаў. "Гэта псуе знешні выгляд вуліцы, якая дзякуючы работнікам дарожных, камунальных служб прыкметна зменьваецца. Намаганні ў гэтым напрамку павінны быць сумеснымі", - падкрэсліў Ігар Марковіч.

Гэты пасыл будзе актуальным і для жыхароў вуліцы Кандраценкі — наступнага адрасу дарожных работ у мікрараёне Громы. На выкананне рамонту вулічна-дарожнай сеткі штогод з бюджэту выдзяляюцца значныя сродкі. Важна, калі ў гэтай справе ёсць уклад і грамадзян.

Прывядзенне ў парадак тэрыторыі ад межаў зямельнага ўчастка да краю праезнай часткі (пры адсутнасці тратуараў) — абавязак домаўладальнікаў.

pvestnik.by