Пашыраны продаж тавараў да 1 верасня стартаваў на Полаччыне з 15 ліпеня, але пік пакупніцкага попыту наступіў, як звычайна, у жніўні.
Узброіўшыся спісамі неабходнага прыладдзя для навучэнцаў 2 і 9 класаў (выбар выпадковы), сумесна са старшынёй Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Вольгай Захаранка мы правялі маніторынг рынкавага сегменту шэрагу гандлёвых аб'ектаў.
Ручкі, сшыткі і дзённік
Асартымент канцылярскіх прылад вялікі. Кошт шматлікіх тавараў застаўся на ранейшым узроўні, некаторыя нават патаннелі. Напрыклад, сшыткі (12 лістоў) каштуюць у сярэднім ад 0,21 руб., ручкі - ад 0,20 руб., простыя алоўкі - ад 0,26 руб., пеналы - ад 3 руб., дзённікі - 2,52 руб.
Калі закупіць усё па спісе для другакласніка, бацькам давядзецца заплаціць ад 80 да 187 руб. Для дзевяцікласніка, уключаючы атласы і контурныя карты, – 77-165 руб.
З каркасам і без
Асаблівую ўвагу трэба надаць выбару сумкі або заплечніка, бо школьніку даводзіцца насіць нямала падручнікаў.
У ААТ "Дом гандлю" з'явілася мноства фабрычных рукзакоў розных форм і расфарбовак ад беларускага вытворцы "Галантэя". Кошты вагаюцца ад 54 да 135 руб. І тут важна правільна выбраць заплечнік - па ўзросце навучэнца. Так, для пачатковых класаў, калі ў дзіцяці ідзе фармаванне выправы, партфель не павінен быць цяжэй 700 грамаў, вышэй 36 сантыметраў і глыбінёй 10 сантыметраў. Таксама звернеце ўвагу на наяўнасць формаўстойлівай спінкі і святлоадбівальнага элемента. У краму лепш ісці з дзіцём, бо рабіць пакупку варта пасля прымеркі.
Пра дрэс-код, стылі і камфорт
Нагадаем, у кожнай школе ўжо ўведзена адзіная школьная форма, што дазваляе ідэнтыфікаваць прыналежнасць вучня да роднай альма-матэр.
Пры гутарцы з прадаўцамі і бацькамі высвятляем, што гарачая пара для пакупкі школьнай формы, абутку — жнівень. "Дзеці за лета вельмі вырастаюць, таму касцюм стараемся набыць бліжэй да пачатку навучальнага года", — расказала палачанка Таццяна Купрыянчык. Яна разам з сынам Аляксандрам, будучым чацвёртакласнікам, прыйшла ў ААТ "Дом гандлю", дзе шырока прадстаўлена калекцыя школьнай формы. "У нас узоры ад беларускіх вытворцаў ААТ "БелКрэда", ААТ "Славянка", ААТ "Палессе", УП "Светлатэкс", ААТ "Надэкс". Усе яны пашыты з натуральных тканін. Мадэлі знойдуцца для любога школьніка", — падкрэсліла Алена Аглушэвіч , прадавец ААТ "Дом гандлю".
Для зручнасці пакупнікоў выдзелены зоны з калекцыямі асобна для хлопчыкаў і для дзяўчынак, акрамя таго, аформлены куток для студэнтаў і выкладчыкаў. Мадэлі на любы густ і кашалёк.
З в. Фарынава ацаніць школьны асартымент прыехала Аліна разам з маці. "Кожны год прыязджаем у Дом гандлю і кожны раз купляем усё, што неабходна, — канцылярыю, адзенне для школы і для заняткаў спортам, абутак", — запэўніла нас маці Таццяна Лебедзева. Аліне спадабаліся штаны-палацо і баваўняная белая сарочка з рукавамі-ліхтарыкамі - стыльна і па-дзелавому. Таксама тут можна падабраць абутак ад беларускіх вытворцаў - класічныя туфлі, лоферы, чаравікі, красоўкі і кеды.
Збіраючы дзіця ў школу, зазірніце ў фірменныя крамы ААТ "Палессе", ЗАТ "Калінка", ААТ "8 Сакавіка", ТАА "Mark Formelle", ААТ "Світанак". У іх вы таксама знойдзеце камізэлькі, гольфы, жакеты, сукенкі і сарафаны, штаны, спартыўныя касцюмы і фуфайкі, у тым ліку і з беларускай сімволікай. "У новай школьнай калекцыі шмат цікавых мадэлей. Зручна, што ёсць штаны на гумцы, без фіксаванага пояса", — пракаментавала загадчык магазіна ЗАТ "Калінка" Алена Бондарава. Выбар вялікі… Дарэчы, калі нешта не знойдзеце на прылаўках, можна звярнуцца да інтэрнэт-пляцовак айчынных вытворцаў.
Вольга Захаранка (на фота злева), старшыня Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў:
— Штогод мы праводзім дэталёвы аналіз кожнай групы школьных тавараў. Асартыментны пералік добры і разнастайны. Адсутнасць якой-небудзь групы тавараў не выяўлена. Нагадаю, што прафсаюзы аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы дзяцей да школы ў межах акцыі "Прафсаюзы - дзецям". Асаблівая ўвага надаецца ідучым у першы клас, дзецям-сіротам, шматдзетным, маламаёмасным і прыёмным сем'ям, а таксама сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Лайфхакі ад бацькоў
Як зэканоміць пры падрыхтоўцы дзяцей да школы? Дакладна прытрымлівацца спісу, правесці дома рэвізію, "лавіць" дні скідак, набываць тавары па частках на працягу лета і не забываць звяртацца па матдапамогу ў прафсаюз.
Каб набыць усё неабходнае для школы, бацькам другакласніка давядзецца выдаткаваць: ад 460 да 1190 рублёў для дзяўчынак, ад 448 да 1075 рублёў для хлопчыкаў.
Для падрыхтоўкі да школы дзевяцікласнікаў - ад 463 да 915 рублёў для дзяўчат, ад 466 да 931 рублёў для юнакоў.