Днямі адбылася рабочая сустрэча з прадстаўнікамі кампаніі "Эпаль Софт", якая сумесна з Міністэрствам сувязі і інфармацыі Рэспублікі Беларусь займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння I чаргі дадзенай платформы. Удзел у мерапрыемстве прынялі першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Лейчанка, кіраўнік праекта Святлана Лебедзь, бізнес-аналітыкі і прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, на базе якіх пройдзе доследная эксплуатацыя платформы.
Праект закліканы забяспечыць цыфравізацыю рэгіянальнага ўпраўлення. Яго заказчыкамі выступаюць Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і абласныя выканаўчыя камітэты Рэспублікі Беларусь. На першым этапе тэхналогія будзе ўкаранёна ў 17 гарадах і рэгіёнах Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў Полацку. У цэлым, "Разумны горад" — канцэпцыя, якая прадугледжвае аб'яднанне інфармацыйных і камунікацыйных сістэм у адзіную платформу для спрашчэння доступу да інфармацыі, выканання адміністрацыйных працэдур і ўзаемадзеяння карыстальнікаў сістэмы.
Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя вынікаў распрацоўкі. Былі прадстаўлены інструменты рэалізацыі праекта, асноўным з якіх з'яўляецца Дзяржаўная праграма "Лічбавае развіццё Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады", якая ўключае падпраграму "Рэгіянальнае лічбавае развіццё".
25 жніўня пачнецца доследная эксплуатацыя платформы ў Мінску і Оршы. А наступнымі крокамі на шляху яе ўкаранення ў Полацку стануць стварэнне рабочай групы, навучанне, адпрацоўка тыпавых сцэнарыяў і, як вынік, – дапрацоўка прадукту ў адпаведнасці з заўвагамі і прапановамі.
Лічбавая платформа "Разумны горад (рэгіён)" прызначана для сістэмнай інтэграцыі рашэнняў у галіне лічбавай трансфармацыі працэсаў рэгіянальнага кіравання, вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага і грамадскага развіцця, арганізацыі інфармацыйнага ўзаемадзеяння, уключаючы выбудоўванне зваротнай сувязі з грамадзянамі.