Маладых спецыялістаў у першы працоўны дзень віталі галоўны ўрач установы Павел Баравік, яго намеснікі, галоўная медыцынская сястра Наталля Каралькова, а таксама старшыня прафкама Святлана Браўфер.
За кожным маладым спецыялістам у бальніцах, паліклініках і іншых медыцынскіх установах замацавалі настаўнікаў. Гэта самыя вопытныя члены калектываў, якія дапамагаюць не толькі асвоіцца ў прафесіі, але і адаптавацца на працоўным месцы. Яны аказваюць метадычную дапамогу, а галоўнае, сваім прыкладам матывуюць пачынаючых медыкаў да прафесійнага ўдасканалення.
- Перад вамі стаіць нямала задач, трэба шмат вывучыць, асвоіць, зразумець, у той жа час спытваюць з вас столькi ж, як і з калег са стажам. Не трэба баяцца, наперадзе ў нас вялікая работа. Спадзяюся, мы разам годна пройдзем гэты шлях. У Д.I. Мендзялеева ёсць словы: "Чым вышэй ты падымаешся, тым далей гарызонт". Жадаю вам дасягнуць поспехаў у прафесійным плане, каб гарызонт увесь час адсоўваўся, — звярнуўся да моладзі Павел Баравік.
- Як правіла, настаўніка за маладым спецыялістам мы замацоўваем на шэсць месяцаў, у некаторых выпадках да года. Мы зацікаўлены, каб наш малады калега пад чулым кіраўніцтвам дасведчанага ўрача змог у поўным аб'ёме прымяніць атрыманыя ва ўніверсітэтах і каледжах веды і навыкі, асвоіць магчымасці сучаснага медабсталявання. Важна, каб ён не расчараваўся ў прафесіі, пазнаёміўся з традыцыямі калектыву, падтрымліваў карпаратыўную культуру, — падзяліўся Аляксей Аніськовіч, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы.
У некаторых "навабранцаў" першым месцам працы будзе ФАП на раёне. Алег Барысаў, намеснік галоўнага ўрача, распавёў пра перавагі працы на вёсцы: "Сёння ва ўсіх ФАПах зроблены рамонт, праведзены інтэрнэт, створаны ўсе ўмовы, прадумана сістэма кампенсавальных і стымулюючых выплат для работнікаў. Галоўная задача спецыялістаў - дабрабыт і здароўе сельскага насельніцтва".
Маладыя спецыялісты даведаліся, як будзе фарміравацца іх заработная плата. Пра гэта праінфармавала начальнік планава-эканамічнага аддзела Ірына Кандрацкая. У сваю чаргу Святлана Браўфер, старшыня прафкама, распавяла аб напрамках работы першаснай прафсаюзнай арганізацыі і спынілася на бонусах, якія прапісаны ў калектыўнай дамове.
У маладых медыкаў у рэгіёне ёсць шырокія магчымасці для пашырэння сваіх ведаў і ўдасканалення навыкаў — курсы, стажыроўкі, навукова-практычныя канферэнцыі. Перад актыўнымі і здольнымі спецыялістамі адкрыты перспектывы кар'ернага росту.
Надзея КАЛУЖОНАК (тэкст і фота).




















