Мікалай Котаў аказаўся гаваркім. У гэтай гаспадарцы ён працуе 10 гадоў, а ўвогуле на зямлі — цэлых 35! Яго малая радзіма — Шаркаўшчына. На пытанне, чаму з трактара часова перасеў на камбайн, адказаў: «Уборачная — мая стыхія!» Мікалай Міхайлавіч прывык да працы з ранку да вечара, яму даспадобы быць запатрабаваным. Дома з павагай ставяцца да яго прафесіі. Расказаў, што ў яго дружная сям’я, ёсць трое ўнукаў.
Вадзіцель Канстанцін Яшын працуе заўзята, заўсёды ў перадавіках. Не раз яго фота ўпрыгожвала старонкі нашай газеты. На працу ў Начу мужчына ўжо 10 гадоў прыязджае з суседняга Глыбоцкага раёна, з Ломашаў. Працаўнік падзяліўся навіной з асабістага жыцця: сёлета яго дачка Эвеліна скончыла 9 класаў, атрымала пасведчанне з адзнакай.
Працу ў полі пракаментавала галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Юндзіль: «Гэта поле плошчай 70 га. А ўсяго пад ячмень сёлета аддалі 194 га. На вытворчым участку «Рудня» 98 га, астатняе — тут. Пасля ячменю будзем убіраць рапс: азімы займае 150 га, 57 га — яравы. Потым чарга зерневых і зернебабовых».
Кіраўніка гаспадаркі мы сустрэлі на сушылцы, дзе ўзвышалася гара з ячменю. «Зерне хоць і шчуплае, але ж вырасла, і салома неблагая, сёлетні год лепшы за мінулы, калі была засуха», — зрабіў выснову Вадзім Аляксандравіч.
Для Таццяны Мікалаеўны сёлетняя ўборачная на пасадзе галоўнага агранома шостая. А ў гаспадарцы жанчына працуе 10 гадоў.
— У нас склаўся дружны калектыў, гэта адчуваецца па стаўленню да працы ўсіх людзей. Наш дырэктар Вадзім Лях за нядоўгі час займеў аўтарытэт, — расказала спецыяліст.
За ходам уборкі назіралі працаўнікі Полацкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. Дзяжурства на палях пажарнай машыны патрабуюць правілы бяспекі.
Мы на свае вочы пабачылі першае зерне 2024 года. Канешне, яго трэба пачысціць і высушыць. Але ж галоўнае, што ўраджай ёсць!