Сумнік канадскі з'яўляецца адным з інвазіўных відаў раслін і ў свой час быў завезены ў Беларусь з мэтай дэкаратыўнага азелянення, а таксама для вырошчвання кармоў для жывёлы. У адрозненне ад баршчэўніка Сасноўскага сумнік не пагражае здароўю чалавека, але не менш небяспечны для навакольнага асяроддзя. Яго некантралюемае распаўсюджванне прыводзіць да прыгнёту і поўнага выцяснення экасістэм іншых раслін. Змяняюцца мясцовая флора і фаўна. Сумнік вельмі хутка захоплівае тэрыторыі. У яго няма натуральных ворагаў ні сярод раслін, ні сярод жывёл і насякомых. Кожны куст дае да ста тысяч насенняў, якія адрозніваюцца высокай усходжасцю. З гадамі карэнішчы пачынаюць вылучаць у глебу атрутныя рэчывы, якія душаць рост іншых раслін.
Для захавання біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды забараніла да распаўсюджвання ў Беларусі клён ясенелісты, рабінію ілжэакацыю, баршчэўнік Сасноўскага, баршчэўнік Мантэгацы, сумнік канадскі, сумнік гіганцкі, каноплі пасяўныя, мак снатворны, эхінацыстыс лопасцевы. Кожны куст сумніка дае да 100 тыс. насення з вельмі высокай усходжасцю, яно хутка разносяцца ветрам, што прыводзіць да з'яўлення новых ачагоў вырастання.
Распаўсюджванню сумніка дапамагаюць самі людзі: упрыгожваюць непатрабавальнай раслінай кветнікі, высаджваюць на могілках. Спрыяе гэтаму і прыхаваная рэклама. Вядомы беларускі брэнд адзення, прадстаўляючы сваю новую восеньскую калекцыю, даў у рукі мадэлям галінкі сумніка. А фларысты на ўсю моц устаўлялі жоўтыя пэндзлi ў святочныя букеты да 1 верасня.
Калі сумнік на ўчастку распаўсюджваецца не вельмі шырока, падыдзе механічны спосаб – шматразовая касьба на працягу сезона нават невялікіх парасткаў да 15-20 сантыметраў. На вялікіх плошчах лепш выкарыстоўваць гербіцыды або камбінаваны спосаб. Калі сумнік расце на клумбе, то кожны год, як толькі мяцёлка пачне цямнець (а значыць, хутка на месцы кветак з'явяцца насенне), варта зрэзаць яе і абавязкова ўтылізаваць ў кампостных ямах (на глыбіні 40 см). Карэнішча таксама трэба выдаліць, высушыць, выкінуць або спаліць.
Па дадзеных інвентарызацыі, у Полацкім рэгіёне, плошча вырастання сумніка канадскага складае амаль 46 га. Расліну абавязкова трэба скошваць да цвіцення і паспявання насення, не менш за два разы ў сезон. На бягучы момант хімічным спосабам апрацавана 45 га, механічным - 1 га.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае аб недапушчальнасці выкарыстання ў азеляненні інвазійных раслін і абяцае штрафаваць за іх распаўсюд. За невыкананне, неналежнае або несвоечасовае выкананне патрабаванняў па знішчэнні сумніка, выдадзеных органамі Мінпрыроды і выканаўчымі камітэтамі, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 24.1 КоАП з накладаннем штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь.