"Для мяне вялікі гонар прымаць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада. Кожны дзень на працягу месяца ў нас праходзілі рэпетыцыі, каб сёння мы маглі дарыць палачанам добры настрой", — дзеліцца сваімі ўражаннямі Ірына Ветрава, навучэнка ўзорнага ансамбля харэаграфічных мініяцюр "Гранд-Па".
На працягу ўсяго свята працавалі атракцыёны і святочны кірмаш, а на алеі Францыска Скарыны разгарнуўся Горад майстроў, дзе мясцовыя рамеснікі дэманстравалі свае вырабы. Полацкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма прадставіла пляцоўку, на якой кожны мог знайсці занятак па душы: канцэртная праграма, майстар-класы, фотападарожжа "Полацк у 3D", інтэлектуальная гульня "Загадкі старажытнага горада".
"Супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы ўдзельнічаюць ва ўсіх гарадскіх мерапрыемствах. На нашай пляцоўцы прадстаўлены разнастайныя майстар-класы. Дзеці могуць сваімі рукамі змайстраваць закладку для кнігі ў выглядзе ката Матроскіна - аднаго з любімых персанажаў Эдуарда Успенскага. Акрамя гэтага мы таксама прапагандуем чытанне кніг і ўздымаем настрой палачанам у гэты цудоўны дзень", — расказвае бібліятэкар Чагунова Марыя Пятроўна.
Мэтамі святочнага канцэрта "Мы - палачане!" з'яўляюцца папулярызацыя жанру ваенна-патрыятычнай песні і выяўленне юных талентаў. Вакальныя і харэаграфічныя нумары прасякнуты пачуццём патрыятызму і павагі да ратнага подзвігу абаронцаў Айчыны.
"Я лічу, што такія мерапрыемствы вельмі важныя для нашага горада, асабліва ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы павінны захаваць памяць пра тыя трагічныя падзеі нашай гісторыі, расказваць дзецям пра подзвіг беларускага народа. І быць удзячнымі тым, хто перамог фашызм", - Мінчанка Людміла Іванаўна, педагог-арганізатар ДУДА "Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі".
"Мы з дзецьмі кожны год прыязджаем у цэнтр горада, каб пагуляць і атрымаць асалоду ад святочных мерапрыемстваў. Дзеці ўдзельнічалі ва ўсіх майстар-класах, вырабілі мноства сувеніраў і вырабаў, якія застануцца на памяць аб гэтым дні. Пасля наведвання музычных пляцовак мая дачка Аліса захацела заняцца вакалам. Вялікі дзякуй арганізатарам за гэта незабыўнае свята. Яно падарыла нам столькі радасці і станоўчых эмоцый, - падсумавала шматдзетная маці Марына Волкава. – Мы ўжо чакаем наступнага года, каб зноў акунуцца ў гэту атмасферу".
Віншуем горад Полацак з яго 1162-годдзем і жадаем палачанам мірнага неба над галавой.