На плошчы Свабоды ўдзельнікаў акцыі сустракалі старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Стома і Святлана Адзінцова, старшыня Полацкага райсавета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Філіповіч, полацкія і наваполацкія праваахоўнікі.
- Мы спадчыннікі пераможцаў і наша галоўная задача - захаваць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. І перадаць будучым пакаленням разуменне таго, што сапраўдная любоў да Радзімы — надзейная абарона ад любой пагрозы. Сіла беларускага народа ў яго адзінстве, — звярнуўся да гасцей Ігар Марковіч.
Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў, адзначыў, што ў знакавым месцы для палачан, удзельнікі аўтапрабегу ўспамінаюць і аддаюць даніну памяці і павагі тым, хто, перажываючы жахі і цяжкія выпрабаванні, змагаўся за жыццё і свабоду, падарыў нашчадкам мірнае неба над галавой, магчымасць жыць у квітнеючай краіне.
- Памяць пра іх мы свяшчэнна захоўваем у сэрцах. Наш абавязак быць годнымі нашчадкамі пераможцаў, — падкрэсліў Андрэй Юр'евіч.
Андрэй Любімаў уручыў Аляксандру Філіпавічу Растапчыну памятны сувенір у выглядзе франтавой пасылкі. Ветэран падзякаваў удзельнікам аўтапрабегу за ўклад у захаванне гістарычнай памяці і патрыятычнае выхаванне моладзі.
У рамках урачыстага мітынгу ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі і вянкі да падножжа помніка вызваліцелям Полацка, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых.




















