Важныя пазіцыі
Спачатку канкрэтнай аперацыі па вызваленні Полацка не планавалася, але наш горад, з'яўляючыся ключавым пунктам на шляху ў Прыбалтыку, уяўляў для адыходзячых фашысцкіх войскаў асаблівую цікавасць. Таму немцамі былі зроблены ўсе магчымыя меры па ўзмацненні лініі абароны. Шэсць нямецкіх дывізій, выкарыстоўваўшы ў сваіх мэтах камунікацыі Полацкага ўмацаванага раёна, рыхтаваліся да абароны. Менавіта таму камандаваннем савецкіх войскаў была спланавана Полацкая наступальная аперацыя, у якой прынялі ўдзел войскі чатырох армій — 6-й гвардзейскай (камандуючы генерал-маёр І.М. Чысцякоў), 4-й ударнай (камандуючы генерал-лейтэнант П.Ф. Малышаў), 43-й (камандуючы генерал-лейтэнант А.П. Белабародаў), 3-й паветранай (камандуючы генерал-лейтэнант Н.Ф. Папівін) і шэрагу частак і злучэнняў франтавога падпарадкавання. Агульная колькасць - каля 500 тысяч чалавек.
За адвагу
6-я гвардзейская армія пад камандаваннем генерал-палкоўніка Івана Чысцякова па дарогах вайны прайшла звыш 12 тысяч кіламетраў. Удзельнічала ў бітвах пад Масквой і Сталінградам, у бітве на Курскай дузе. Вызначылася і пад Полацкам.
За гераічныя дзеянні пры вызваленні нашага горада шасці стралковым палкам 51-й і 71-й гвардзейскіх стралковых дывізій загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была прысвоена назва Полацкіх. Палачане таксама адзначылі і заслугі генерал-палкоўніка Чысцякова — яму прысвоена званне "Ганаровы грамадзянін горада Полацка".
На штурм!
51-я гвардзейская стралковая дывізія ў складзе 6-й гвардзейскай арміі наступала на Полацк з поўдня. Штурм горада пачаўся ў ноч з 2 на 3 ліпеня. Баі былі вельмі жорсткімі. Двое сутак савецкія войскі спрабавалі прарваць лінію нямецкіх умацаванняў, але зрабіць гэта ўдалося толькі ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Раніцай 4 ліпеня яны падышлі да Палаты ў раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Немцы паспрабавалі правесці контратаку. Воіны 51-й дывізіі яе адбілі і працягвалі штурм Полацка.
Уздоўж правага берага Заходняй Дзвіны ў горад уваходзіла 47-я Невельская стралковая дывізія. Полацак быў вызвалены да поўдня 4 ліпеня 1944 года.
Непасрэдна ў штурме горада ўдзельнічалі левафлангавыя (360, 119, 51, 47, 90 гвардзейская) стралковыя дывізіі 4-й ударнай арміі і правафлангавая 51-я гвардзейская стралковая дывізія 6-й гвардзейскай арміі. Ім супрацьстаялі шэсць нямецкіх пяхотных дывізій, якія ўваходзілі ў склад 16-й арміі групы "Поўнач", - усяго больш за 120 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў.
Подзвіг гвардзейцаў
3 ліпеня да берага Дзвіны выйшлі воіны 158-га гвардзейскага стралковага палка 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі. З трох мастоў уцалеў толькі адзін. Няпростая задача прадухіліць выбух маста была пастаўлена перад сяржантам Дзмітрыем Фаліным. З невялікай групай байцоў уплаў ён пераправіўся на правы бераг. Атрымалася не дапусціць выбуху, аднак пад жорсткім агнём суперніка смельчакам прыйшлося адступіць. Схаваўшыся ў развалінах манастыра (цяпер там размешчана абласная псіхлячэбніца), група Фаліна пачала адстрэльвацца.
І тады за выкананне задачы ўзялася група з 23 добраахвотнікаў на чале з лейтэнантам Грыгор'евым. Ім удалося штурмам узяць мост і замацавацца на невялікім жмутку зямлі на правым беразе Дзвіны. Немцы распачалі чатырнаццаць спроб расправіцца з гвардзейцамі, аднак, сустрэўшы адчайнае супраціўленне і пацярпеўшы няўдачу, падцягнуўшы да месца бою агнямёты, толькі з іх дапамогай змаглі зламаць супраціўленне смельчакоў.
Доўгі час лічылася, што ўсе гвардзейцы загінулі. Аднак цяжка паранены лейтэнант Грыгор'еў і снайпер старшына Кажэўнікаў засталіся ў жывых. Аляксандру Грыгор'еву пасля было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, але ўжо за іншыя падзеі. На тым месцы, дзе загінулі гвардзейцы-грыгор'еўцы, устаноўлены помнік, а на супрацьлеглым беразе Дзвіны знаходзіцца вуліца, названая ў іх гонар. Усяго ў Полацку больш за 30 вуліц, названых імёнамі абаронцаў і вызваліцеляў Полацка.
У агні 2 ліпеня 1944 года з поўдня ў Полацк на адным з танкаў уварваўся Васіль Халеў. Танк быў незвычайным, агнямётным, хаця вонкава нічым не адрозніваўся ад астатніх Т-34. У ходзе бою ён быў падбіты. Немцы спрабавалі ўзяць экіпаж у палон, але танкісты не здаліся, згарэўшы жыўцом. Васілю Халеву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ён пахаваны ў брацкай магіле на плошчы Свабоды.
…80 мірных гадоў – цэлае жыццё для тых, хто выжыў. 80 гадоў - светлая памяць аб тых, хто не дажыў...
Старажытны Полацк, які паўстаў з руін і попелу, упэўнена глядзіць у будучыню, захоўваючы святую памяць аб воiнах, коштам жыцця абараніўшых мір ад карычневай чумы. Тут кожны крок адгукаецца рэхам Свяшчэннай вайны - за мір, за свабоду, за незалежнасць.
Крыніца: https://www.pvestnik.by