Удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Альберту Уладзіслававічу Збароўскаму сёлета споўніцца 100 гадоў

04.07.2024

Удзельніку Вялікай Айчыннай вайны Альберту Уладзіслававічу Збароўскаму сёлета споўніцца 100 гадоў. Але і ў такім салідным узросце ён далучаецца да патрыятычных акцый, якія праводзяцца ў Полацку.

Родам Альберт Збароўскі з Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння школы ФЗН стаў працаваць цесляром. Але вайна перапыніла мірную працу. Эвакуацыя на Урал, дзе ён працаваў на танкавым заводзе, будаваў вытворчыя памяшканні для эвакуіраваных прадпрыемстваў і... марыў патрапіць на фронт. 18-гадовым яго прызвалі ў войска. Скончыў школу падрыхтоўкі паветраных стралкоў-радыстаў пры Чэлябінскім штурманскім вучылішчы. Служыў у 336-м бамбавальным авіяпалку 53-й Сталінградскай авіядывізіі далёкага дзеяння. Экіпаж ваенна-транспартнага самалёта Лі-2, у складзе якога лётаў Альберт Збароўскі, перакідваў дыверсійныя і разведвальныя групы ў тыл саперніка, бамбаваў яго аб'екты, дастаўляў грузы партызанам. Лётчыкі бачылі, як гарэлі неба і зямля пад крыламі машыны…

Падчас вайны Альберт Збароўскі і не ўяўляў, што яго жыццё будзе звязана з Полацкам. Перамога ўжо была блізкая, але колькі яшчэ было баявых вылетаў, і з кожнага экіпаж мог не вярнуцца… Сярод узнагарод Альберта Збароўскага — ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені, шматлікія медалі.

Прыходзілася лётаць і ў Беларусь. Адзін з такіх вылетаў для экіпажа Лі-2 мог аказацца апошнім… Па загадзе камандавання з аэрадрома, які знаходзіўся пад Жытомірам, самалёты падняліся ў раён Полацка. Неабходна было знішчыць вялікую колькасць на чыгуначным вузле нямецкіх вагонаў з жывой сілай і тэхнікай. Падляцеўшы да цэлі, скінулі 500-кілаграмовыя бомбы. Камандзір экіпажа перадаў штурвал лётчыку, каб паглядзець і асабіста пераканацца, што мэта паражана. Раптам самалёт стаў падаць... На шчасце, машыну ўдалося выраўнаваць, на базу вярнуліся цэлымі.

Пасля вайны Альберт Збароўскі працягнуў службу. Польшча, Румынія, потым Украіна. Скончыў ваеннае вучылішча, служыў у знішчальнай авіяцыі тэхнікам па самалётным абсталяванні. А затым - у 337-м гвардзейскім зенітна-ракетным палку ў Полацку, куды прыехаў у 1960 годзе. Звольніўшыся ў запас, яшчэ шмат гадоў працаваў на аўтарамонтным заводзе.

Полацак для Альберта Збароўскага стаў яго другой малой радзімай. А ён для палачан - сімвалам мужнасці і вернасці абавязку. Будзьце здаровыя, Альберт Уладзіслававіч, бадзёрасці Вам, прыемных успамінаў, пазітыўных думак, радасных падзей. Жывіце яшчэ доўга-доўга!

www.pvestnik.by