Як Полацк сустрэў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь

04.07.2024

3 ліпеня - асаблівы дзень у гісторыі нашай краіны. Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — знак свабоды, нацыянальнага гонару і адзінства, памяць аб стойкасці і бясстрашнасці абаронцаў Айчыны.

Памятаць, каб жыць

На Полаччыне да гэтага свята было прымеркавана мноства мерапрыемстваў. Адной з іх стала гарадская патрыятычная акцыя, прысвечаная 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На плошчы Свабоды сабраліся дэпутаты, прадстаўнікі раённай адміністрацыі і грамадскіх арганізацый, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, ветэраны і моладзь. У знак памяці і падзякі за падоранае шчасце жыць пад мірным небам Беларусі яны ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа помніка Вызваліцелям Полацка.

Са святочнай сцэны са словамі віншаванняў і добрых пажаданняў да жыхароў і гасцей горада звярнуўся старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч. З Днём Незалежнасці павіншаваў землякоў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Растапчын. Коштам нашай свабоды і мірнага неба былі жыцці мільёнаў. Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых. Пераемнікі справы абаронцаў Радзімы - вайскоўцы Полацкага гарнізона прайшлі парадам па плошчы. Віншавальныя лісты ад старшыні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігара Сергяенкі і дэпутацкага корпуса ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Альберту Збароўскаму і Аляксандру Растапчыну ўручыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Полацкай выбарчай акрузе №27 Святлана Адзінцова.

Узнагароды актывістам

Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь аб'ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца сваёй Айчынай, шануе яе гісторыю і працай прымнажае багацце роднай зямлі. Падчас святочнай урачыстасці адбылася і цырымонія ўзнагароджання актывістаў грамадскіх фармаванняў Полацкага раёна.

На сцэну ўзнімаліся палачане, якія набылі прызнанне сваім прафесіяналізмам, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і ўдзелам у грамадска значных мерапрыемствах раёна. Ігар Марковіч уручыў Ганаровыя граматы Полацкага райвыканкама сакратару ГА "БРСМ" Полацкага чыгуначнага вузла Ларысе Джыгун, старшыні п/а РГА "Белая Русь" Полацкага каледжа ВДУ імя П.М. Машэрава Аляксею Зелянко, спецыялісту па сувязях з грамадскасцю Полацкага раённага аб'яднання прафсаюзаў Надзеі Калужонак, члену праўлення Полацкай раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Алене Трапезнікавай, члену савета Полацкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Сяргею Копылу.

Падзяка старшыні райвыканкама аб'яўлена інспектару па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна Алене Кордан, інжынеру, старшыні п/а РГА "Белая Русь" Полацкага ЗВЭС Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам" старшыні п/а ГА "Беларускі саюз жанчын" Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Таццяне Пялёнак, спецыялісту групы аховы працы, старшыні п/а Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Полацкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Мікалаю Сушко і п/а ГА "БРСМ" філіяла "Полацкая ЦЭЦ" РУП "Віцебскэнерга".

У атмасферы свята

Выступленні лепшых творчых калектываў і выканаўцаў нашага краю сталі падарункам для палачан і гасцей горада. Таксама на плошчы Свабоды была арганізавана выстава-прэзентацыя вайсковых часцей Полацкага гарнізона. Працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі Полацкіх РАУС, ГРАНС і Полацкага аддзела Дэпартамента аховы, з якімі з цікавасцю знаёміліся дарослыя і дзеці.

У атмасферы сяброўства адзінства жыхары і госці Полаччыны сустрэлі галоўнае свята нашай рэспублікі.

https://www.pvestnik.by