У Мінпрацы паведамілі, што падчас першага пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2024 годзе фіналу VI Рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года" было вырашана, што, акрамя прафесійнага журы, упершыню выбраць лепшую сям'ю змогуць і інтэрнэт-карыстальнікі.
Галасаванне пройдзе ў верасні на афіцыйным Telegram-канале Мінпрацы. Вынікі галасавання будуць абвешчаны 11 кастрычніка — у дзень правядзення фіналу конкурсу "Сям'я года".
У ходзе пасяджэння таксама зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні фіналу рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года", разгледжаны прапановы па складзе журы конкурсу і праграме знаходжання сем'яў-фіналістаў у Мінску.
Рэспубліканскі конкурс "Сям'я года" праходзіць у Беларусі шосты раз — першы адбыўся ў 2012 годзе. Сёлета ў адборачных этапах конкурсу прыняло ўдзел больш за 440 сем'яў, 58 з іх змагаліся за выхад у фінал, у тым ліку з Брэсцкай вобласці — 6 сем'яў, Віцебскай — 5, Гомельскай — 6, Гродзенскай — 19, Мінска — 9, Мінскай вобласці — 7, Магілёўскай — 6.
Арганізатарам конкурсу выступае Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пры падтрымцы Беларускага саюза жанчын, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, удзеле Міністэрства інфармацыі, Міністэрства культуры, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.