У Полацку адкрылі помнік Герою Беларусі, выпускніку Полацкага кадэцкага вучылішча Мікіце Куканенка

18.05.2024

Мікіта Куканенка - выпускнік Полацкага кадэцкага вучылішча. Ён загінуў у 22 гады пад Баранавічамі, выконваючы трэніровачны палёт на Як-130. Самалёт рэзка страціў кіраванне і пачаў падаць у напрамку квартала шматпавярховак. Выявіўшы адмову сістэм, пілоты па інструкцыі павінны былі катапультавацца, але прынялі рашэнне застацца ў кабіне машыны, якая страчвае вышыню, і адвесці яе ад жылых дамоў.

17 мая на тэрыторыі Полацкага кадэцкага вучылішча быў урачыста адкрыты помнік Герою Беларусі, выпускніку Полацкага кадэцкага вучылішча Мікіце Куканенка.

Удзел у мерапрыемстве прынялі ганаровыя госці: старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня Наваполацкага гарвыканкама Ігар Бурмістраў, епіскап Полацкі і Глыбоцкі ўладыка Ігнацій, старшыня Рэспубліканскага савета ГА "Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў" Сяргей Жыціхін, мама Мікіты Куканенка Наталля Алегаўна.

- Гэты помнік - не толькі даніна памяці і павагі Мікіце, гэта яшчэ і сімвал мужнасці, стойкасці, умення ахвяраваць сабой дзеля жыццяў іншых, - адзначыў Ігар Карпенка.

Сяргей Ляўковіч у сваю чаргу падзякаваў усім, хто прымаў удзел у стварэнні мемарыяла. Прагучалі шчырыя словы ўдзячнасці за захаванне памяці пра подзвіг Мікіты і ад мамы Героя.

- Мікіта і яго таварыш Андрэй навечна ўпісалі свае імёны ў гісторыю. Мы спадзяемся, што пра подзвіг Мікіты будуць памятаць усе кадэты вучылішча, - сказаў аднакласнік Мікіты Куканенка Аляксандр Ульскі.

Звярнуўся да прысутных і ўладыка Ігнацiй. Ён падкрэсліў, што людзі, гатовыя аддаць жыццё дзеля любові да бліжняга, заўсёды ў Бога жывыя.

- Будзьце вартыя памяці такіх герояў, як Мікіта Куканенка, - падсумаваў епіскап Полацкі і Глыбоцкі.

... Хвіліна маўчання - і жывыя кветкі ляглі да падножжа помніка.

Аддаючы гонар Герою Беларусі, кадэты прайшліся ўрачыстым маршам.

https://www.pvestnik.by