Пачалося святкаванне Дня Перамогі з шэсця "Беларусь памятае!". Гэта акцыя даніна памяці аб тых, хто каваў перамогу на франтах, у тыле, хто быў сагнаны ў фашысцкае рабства, закатаваны ў канцлагерах і гета.
Мы памятаем і цэнім вялікую перамогу, якая аб'яднала і заўсёды будзе аб'ядноўваць людзей розных пакаленняў ад малога да вялікага, колькі б часу ні прайшло, памятаем кожнага без выключэння абаронцы Айчыны. Мы верныя гэтай памяці, беларусы захоўваюць яе ў кожным доме, кожнай сям'і. З вялікай удзячнасцю ў сэрцах палачане сустракаюць Дзень Перамогі. Больш за 1000 чалавек прыйшлі з партрэтамі дзядоў і прадзедаў, каб узяць удзел у шэсці "Беларусь памятае!". Сімвалічна, што ля падножжа Кургана неўміручасці ўсе дружна ў адзіным парыве выканалі "Дзень Перамогі". Знакамітую песню, якая стала гімнам 9 мая.
Патрыятычная акцыя "Гэтых дзён не змоўкне слава!" аб'яднала палачан і гасцей горада ў гарачым жаданні ўшанаваць памяць загінуўшых на франтах вайны. Перамога - сімвал гонару, славы і доблесці. На эстрадзе ў парку ля падножжа Кургана Неўміручасці сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасці, прафсаюзны актыў, ветэраны працы, духавенства, моладзь. Гучалі словы шчырай падзякі за мір і свабоду. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, пасля чаго прайшліся ўздоўж жывога калідора, каб ускласці кветкі і вянкі да Вечнага агню. Не менш уразіў урачысты марш воінскіх часцей Полацкага гарнізона і шэсце працоўных калектываў.
Працягнулі святочныя мерапрыемствы канцэртная праграма "Табе, Радзіма, прысьвячаем!" з удзелам ансамбля народнай музыкі "Бяседа", праца дзіцячых пляцовак.
Палачане частаваліся палявой кухняй, рабілі фота, спявалі песні перамогі. Дзеці каталіся на атракцыёнах, ад душы ўсміхаліся і радаваліся разам з дарослымі мірнаму небу над галавой. Дзякуй нашым дзядам і прадзедам за Перамогу.
Фота Віктара Чарняўскага.
Больш фота ў альбоме.