Сёння ветэранаў Полаччыны віншавалі з Днём Перамогі

06.05.2024

Сёлета наша краіна адзначае 79-ю гадавіну з дня Вялікай Перамогі. Па традыцыі Полаччына рыхтуецца ярка і маштабна сустрэць гэта свята. Наперадзе мітынгі, ускладанне кветак, канцэрты, святочныя гулянні. Але тыя, хто памятае май 1945 года, ужо пачалі прымаць віншаванні з Днём Перамогі.

Сёння на Полаччыне пражывае 13 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 5 удзельнікаў баявых дзеянняў, 2 узнагароджаных знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда", 3 працаўнікі тылу і 3 ветэраны прыфрантавых чыгунак.

Сёння дэлегацыя ў складзе прадстаўнікоў Полацкага райвыканкама, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ваенкамата, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, маладзёжных арганізацый і ўстаноў адукацыі Полаччыны віншавала ветэранаў з надыходзячым Днём Перамогі па месцы жыхарства.

Святочную атмасферу ствараў ваенны аркестр. Кранальнае хваляванне ветэранаў. Кветкі і падарункі. Словы віншавання і ўдзячнасці ветэранам.

"Дзякуй за перамогу. За тое, што вы ёсць, што паказваеце прыклад усім нам, выхоўваеце моладзь, — падзякаваў прадстаўнікам старэйшага пакалення Ігар Марковіч, старшыня Полацкага райвыканкама. Ён таксама перадаў ветэранам віншаванні ад Аляксандра Субоціна, старшыні Віцебскага аблвыканкама. Шматлікія госці жадалі галоўным удзельнікам цырымоніі здароўя і шчасця.

Наступіў чарговы май на нашай беларускай зямлі. Упрыгожаны белязной квітнеючых садоў... У яркіх фарбах вясновых першацветаў і сакавітай зеляніне... З высокім блакітным небам над галавой... Але самае галоўнае – мірны май!

Фота Віктара Чарняўскага.

https://www.pvestnik.by