Крэдыт маладзёжны: на што яго можна атрымаць усяго пад 2,38%

01.04.2024

Маладым спецыялістам з лета пачнуць выдаваць спажывецкія крэдыты пад 2,38%. Разбіраемся, хто, што і на якую суму зможа па ім купіць.

Хто ў спісе?

Указ Прэзідэнта "Аб прадастаўленні льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян" №95 ад 14.03.2024 года ўступіць у сілу 17 чэрвеня. Атрымаць ільготны крэдыт зараз змогуць не толькі маладыя спецыялісты, накіраваныя на працу ў арганізацыі не па месцы жыхарства бацькоў або на прадпрыемствы ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. У спісе з'явіліся і маладыя спецыялісты, якія былі размеркаваны ў арганізацыі ў сельскіх населеных пунктах або самастойна працаўладкаваны туды на працягу шасці месяцаў пасля заканчэння навучання.

Такі крэдыт таксама будзе даступны для выпускнікоў, якія на працягу 6 месяцаў пасля заканчэння навучання добраахвотна паступяць на ваенную службу па кантракце ў воінскія часці, арганізацыі Узброеных Сіл, органы пагранічнай службы, размешчаныя ў населеных пунктах не па месцы жыхарства бацькоў.

На якіх умовах выдаецца крэдыт

Атрымаць крэдыт можна адзін раз на тэрмін да пяці гадоў. Працэнтная стаўка за карыстанне льготнымі крэдытамі - 25% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка (з акругленнем да двух знакаў пасля коскі). Цяпер стаўка рэфінансавання роўная 9,5%. Значыць, працэнт па льготным крэдыце складзе 2,38%.

Максімальная сума - да 30 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. Цяпер БМП складае 434,60 руб. – адпаведна, на дадзены момант сума крэдыту склала б 13038 руб. Пагашэнне льготных крэдытаў і выплата працэнтаў пачынаецца праз шэсць месяцаў, якія ідуць за месяцам заключэння крэдытнага дагавора, і ажыццяўляецца роўнымі долямі на працягу ўсяго тэрміну вяртання.

Дарэчы, указам не абмежаваны пералік тавараў, якія можна набыць у крэдыт: зараз гэта любы нехарчовы тавар айчыннай вытворчасці.

Парадак атрымання

Пры выдачы льготнага крэдыту ўлічваецца плацежаздольнасць заяўніка. Калі вы прэтэндуеце на максімальную суму ў 13 038 руб., то даход павінен складаць каля 680 рублёў.

Каб атрымаць крэдыт, маладому спецыялісту трэба звярнуцца ў арганізацыю па месцы працы (праходжання службы), якая хадайнічае перад раённымі, гарадскімі (гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання) выканаўчымі камітэтамі, мясцовымі адміністрацыямі раёнаў у гарадах аб уключэнні работніка ў спіс. Як толькі работнік будзе зацверджаны ў спісе, можна звяртацца ў Іпатэчны офіс "Беларусбанка", тэрытарыяльна размешчаны па месцы працы (праходжання службы), з пакетам дакументаў.

Для афармлення крэдыту (паручыцельства) спатрэбіцца прадаставіць дакумент, які сведчыць асобу (для агляду), дакументы, якія пацвярджаюць даходы заяўніка (паручыцеляў).

Умовы пераразліку

Калі крэдытаатрымальнік звольніцца або будзе звольнены з працы да ўстаноўленага ўказам тэрміну, будзе ажыццёўлены пераразлік памераў працэнтаў за карыстанне крэдытам: плюс 3 працэнтных пункта да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка (з улікам яе змянення). Але ёсць і выключэнні з гэтага правіла. Напрыклад, пераразлік не ажыццяўляецца, калі крэдыт выдалі чалавеку са шматдзетнай сям'і або ў яго сям'і ёсць бацькі або дзеці-інваліды і г.д.

По материалам БЕЛТА.

Фота з адкрытых крыніц.

https://www.pvestnik.by