Аграрыі Полацкага раёна актыўна рыхтуюцца да сяўбы яравых культур

26.03.2024

Як толькі сышоў з палёў снег, загулі трактары ў полі. Аграрыі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў Полацкага раёна актыўна рыхтуюцца да сяўбы яравых культур.

Мы напаткалі за працай у полі ва ўрочышчы Старое Фарынава працаўнікоў сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» — кіраўніка гаспадаркі, галоўнага агранома і двух механізатараў.

— Сёлета мы аднымі з першых у Полацкім раёне, яшчэ 4 сакавіка, прыступілі да ворыва, — расказаў дырэктар УП «Полацк-Мілк» Вадзім Лях. — У нас вялікія аб’ёмы працы ў Начы і Рудні, арганізавана імкнемся спачатку выканаць неабходнае на адным участку, потым пераязджаем на іншы. Раскіданасць вялікая, адначасова на двух участках працаваць цяжка. Падключаем механізатараў з Начы на працу ў Рудні, руднянскіх пры неабходнасці накіроўваем у Начу. Людзі не адразу прывыклі, што «Полацк-Мілк» — гэта ўсё агульнае, наша. Хутка вырашыцца пытанне далучэння да нашай гаспадаркі э/б «Ветрынская». І там працуюць людзі, і з імі давядзецца наладжваць кантакт.

Кадраў у гаспадарцы не хапае, таму на вяснова-палявых работах будуць працаваць два механізатары з Полацкага аграрна-тэхнічнага каледжа. Яны спачатку пройдуць практыку, а потым іх чакае працаўладкаванне.
Заданне аграрыям гаспадаркі на вясну: адведзена 267 га пад яравыя культуры, 650 га (больш на 200, чым летась) пад кукурузу ў сувязі з недахопам кармоў. У мінулым годзе восенню з-за засушлівага лета пасеялі алейную рэдзьку, атрымалі з гектара 150 ц якаснага корму. У гэтым годзе зноў запланавана пасеяць гэту культуру.
— Будзем рабіць стаўку на люцэрну. У мінулым годзе сеялі, сёлета закупілі насенне на плошчу амаль 100 га. І пра канюшыну не забываемся, — дзяліўся планамі Вадзім Аляксандравіч.

Вопытны механізатар Андрэй Дыдко працуе ў гаспадарцы 24 гады. Ён нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі. Яго бацькі таксама працавалі ў гаспадарцы.

Хлебароб чакаў вясну. Ён упэўнены, што лёс ураджаю залежыць ад якаснай працы на зямлі. Мужчына працаваў на ворыве глебы. Перад сяўбой па полі пройдуць дыскатары.

Кожны дзень трактары ў полі. «Калі пацяплее, мы фізічна не паспеем адразу ўсё зрабіць, — удакладняе Вадзім Лях. — Травы падсяваем, атрад па ўнясенні арганікі працуе, ворыва вядзем. Арганіка вывезена на палі — 100% пад яравую сяўбу. Уносім і адразу заворваем».

Гаспадаркі «Блізніца» і «Кушлікі» першымі ў раёне сёлета прыступілі да сяўбы яравых зерневых.

https://www.pvestnik.by