У Полацку ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

15.02.2024

15 лютага - дата, якая адклікаецца болем у сэрцах тых, чые сыны, бацькі, мужыкі не вярнуліся дадому «з-за рэчкі». 35 гадоў прайшло з таго дня, як апошнія часткі савецкіх войскаў пакінулі Афганістан, скончылася вайна, якая скалечыла многія лёсы і забрала тысячы жыццяў.

Каля капліцы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў сабраліся кіраўнікі раёна, ветэраны афганскай вайны, вайскоўцы, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый палачане розных пакаленняў, духавенства, каб аддаць даніну памяці і павагі людзям, якія з гонарам выканалі воінскі абавязак за межамі Радзімы.

Да прысутных звярнуўся першы намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка:

- Подзвіг, самаадданасць, вернасць воінскаму абавязку і гатоўнасць да выканання самых складаных баявых задач назаўжды застануцца ў народнай памяці.

Падзякаваў Сяргей Дзмітрыевіч воінам-афганцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзел у грамадскім жыцці Полаччыны.

Ваенны камісар Полацкага i Расонскага раёнаў і г. Наваполацка Віктар Рабчанка падкрэсліў, што беларусы не забываюць подзвіг сваіх суайчыннікаў, ганарацца імі, і шануюць памяць аб загінуўшых у той вайне.

– Мы памятаем усіх паіменна, хто, выконваючы свой воінскі абавязак, загінуў удалечыні ад радзімы. Ведаем не па чутках, якая страшная вайна. Таму з баявымі таварышамі стараемся расказаць маладому пакаленню аб тым, як нашы салдаты, стойка змагаліся ў адкрытым баі, — расказаў старшыня Полацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Фёдар Яськоў.

Настаяцель храма Пакрава Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Валерый Рыжанкоў адзначыў, што воіны-афганцы — прыклад мужнасці і патрыятызму, на які павінна раўняцца моладзь.

…Хвіліна маўчання. Рэхам у сэрцах аддаваўся стук метранома. А затым да капліцы невычэрпнай плынню ішлі людзі з чырвонымі гваздзікамі ў руках. На мемарыяльную пліту з імёнамі загінуўшых клаліся кветкі і вянкі. У сэрцах палачан назаўжды застанецца светлая памяць аб хлопцах, якія загінулі ўдалечыні ад роднай зямлі, выконваючы свой воінскі абавязак у Афганістане.

У снежні 1979 года ў ліку перадавых частак сыходзілі ў Аўганістан 350-й і 357-й гвардзейскія парашутна-дэсантныя палкі (базіраваліся ў пасёлку Баравуха-1), якія прайшлі ўсю вайну і вярнуліся дадому апошнімі, у лютым 1989-га. Усяго 506 палачан прынялі ўдзел у баявых дзеяннях у Афганістане, 29 з іх загінулі, 32 атрымалі раненні.

У гэты ж дзень воіны-інтэрнацыяналісты і мясцовыя жыхары сабраліся на мітынг ля помніка воінам-афганцам 9-га аўтабатальёна ў г.п. Ветрына. А ў Полацкім раённым Цэнтры культуры адбыўся тэматычны канцэрт.

Фота Віктара Чарняўскага.

https://www.pvestnik.by