Полацкі калектыў стаў уладальнікам «Абсалютнага Гран-пры» конкурсу-фестывалю Саюзнай дзяржавы

08.02.2024

Пачатак года для заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэтра танца «Прэм'ер-Спонайд» ЦК «Полацк» стаў яркім і запамінальным. Калектыў прывёз цэлы россып узнагарод з чарговага конкурсу.

У Мiнску прайшоў X конкурс-фестываль мастацтваў Саюзнай дзяржавы «Зоркачот у стылі TikToK». Геаграфія выступоўцаў была як заўсёды шырокая - прадстаўлены ўсе рэгіёны Беларусі. Конкурс праходзіў цягам двух дзён. На суд кампетэнтнага журы «Прэм'ер-Спонайд» прадставіў тры нумары ў трох розных намінацыях: «Кругаверць» (народна-стылізаваны танец), «Вяселле» (эстрадна-сучасны танец), «Белыя птушкі» (Dance Show).

Па выніках выступу калектыў стаў уладальнікам высокай узнагароды - «Абсалютны Гран-пры». Таксама «Прэм'ер-Спонайд» удастоены шэрагу дыпломаў - «Хэдлайнер праекта «Зорны тур» ад ТЛ «Зоркачот», і выступленне на канале ТНТ, «Лаўрэаты I ступені» ва ўсіх трох намінацыях і бясплатны ўдзел у 5 Адкрытым рэспубліканскім шматжанравым конкурсе-фестывалі «Ліга Пераможцаў». Акрамя таго, педагогі калектыву атрымалі спецыяльны прыз «За высокі ўзровень педагагічнай работы». Прыемным дадаткам да ўзнагарод сталі анімацыйная праграма для ўдзельнікаў і спонсарскія падарункі ад вядомых беларускіх брэндаў.

— У Мінск мы адпраўляліся вялікай дэлегацыяй у — 52 чалавекі. Гэты конкурс выдатны пачатак нашага конкурснага шляху ў гэтым годзе. Гэты год, у нашай краіне, аб'яўлены «Годам якасці» і вельмі прыемна, што 2024 год пачаўся з высокай ацэнкі нашай працы — з уручэння імянной зоркі конкурсу, знака якасці «Зоркачот», яго мы пацвярджаем штодзённай карпатлівай працай, — падзялілася Вераніка Навіцкая, кіраўнік калектыву.

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны тэатр танца «Прэм'ер-Спонайд» запрашае ўсіх жадаючых наведаць харэаграфічную казку «Белыя птушкі», якая адбудзецца 14 сакавіка ў Цэнтры культуры «Полацк».

https://www.pvestnik.by