У Віцебскай вобласці «Школы мiру» ўдзельнічаюць у конкурсе «Лепшы міратворчы праект»

07.02.2024

«Школы міру» вобласці прымаюць актыўны ўдзел у конкурсе «Лепшы міратворчы праект», абвешчаным Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам адукацыі. Яго мэта - прасоўванне каштоўнасцяў і прынцыпаў міру, дабра і ўзаемаразумення праз падтрымку і стымуляванне міратворчых ініцыятыў.

Як паведамілі ў абласным аддзяленні Беларускага фонду міру, на ўдзел у праекце паступілі заяўкі ад «Школ мiру» (іх у вобласці 14) і навучальных устаноў, якія толькі ўступаюць у барацьбу за прысваенне гэтага ганаровага звання. Установы адукацыі выстаўляюць крэатыўныя прапановы, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці, развіццё нацыянальнай культуры і народнай творчасці. Юныя міратворцы збіраюць унікальныя архіўныя дакументы, робяць прэзентацыі аб сваяках, якія ваявалі, нясуць вахты ля мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны, праводзяць сустрэчы з ветэранамі і малалетнімі вязнямі, даглядаюць брацкія пахаванні воінаў-вызваліцеляў. Гэта дзейнасць кладзецца ў аснову стварэння конкурсных праектаў. На днях падвядуць вынікі абласнога этапу конкурсу.

Выхаванне падрастаючага пакалення - толькі адзін з напрамкаў працы абласнога аддзялення Фонду міру. Асаблiвай увагай і клопатам міратворцы атачаюць ветэранаў войн і працы.

Як паведаміла старшыня праўлення абласнога аддзялення Фонду міру Таццяна Туманава, у выніку праведзенай вялізнай працы ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы» былі адкрыты шэсць спецыялізаваных палат у чатырох цэнтральных раённых бальніцах – Браслаўскай , Сенненскай, Наваполацкай, Дубровенскай. Для ўтульных памяшканняў набыты тэлевізары, халадзільнікі, бальнічныя металічныя двухсекцыйныя ложкі, тумбы з расчыняемымi дзвярыма. Толькі на гэтыя мэты зрасходавана каля 22 тыс. рублёў.

Пажылыя пацыенты бальніц сястрынскага догляду атрымалі падарункавыя прадуктовыя наборы, фонд таксама пасадзейнічаў ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ТЦСАНаў вобласці - Бешанковіцкага, Докшыцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага раёнаў, Віцебска (Першамайскага раёна).

Дзякуючы фінансаванню Фонду міру ў Полацкім кадэцкім вучылішчы распрацаваны дызайн-праект кабінета духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, у СШ № 1 Новалукомля адкрыты раённы рэсурсны цэнтр «Патрыёт», у дзіцячым садку № 2 «Пралеска» г. п. Лёзна з'явіўся гульнявы комплекс, пры праваслаўнай царкве ва Ушацкім раёне - новы нядзельны клас.

– Уся дзейнасць фонду накіравана на тое, каб бачыць і разумець сэрцам, дзе асабліва маюць патрэбу ў дапамозе абласной арганізацыі, і аказваць рэальную дапамогу, – падкрэсліла Таццяна Туманава.

https://www.pvestnik.by