«Не страшна выходзіць на тонкі лёд?» Чарговы сумесны рэйд па зімовых вадаёмах правялі прадстаўнікі Полацкага РАУС, ГАНС і выратавальнай станцыі

05.02.2024

Чарговы сумесны рэйд па зімовых вадаёмах правялі прадстаўнікі Полацкага РАУС, ГАНС і выратавальнай станцыі. Галоўная мэта - праверыць, як рыбакі выконваюць патрабаванні бяспекі. Разам з рэйдавай групай адправіліся і журналісты «ПВ».

Апрануўшыся ў яркія выратавальныя камізэлькі, перш за ўсё наведалі ўпадабанае месца полацкіх рыбакоў — Заходнюю Дзвіну. І тое, што рака скавана лёдам толькі на невялікім участку ад берага, не палохае тых, хто заахвоціўся да зімовага захаплення. А такіх нямала. Відавочцы сцвярджаюць, што часам больш за сотню рыбакоў можна налічыць. У гэтым мы ўпэўніліся і самі. Нягледзячы на буднi дзень, на лёдзе было больш за 70 чалавек.

— Не страшна выходзіць на такі лёд? - пацікавілася ў аднаго з рыбакоў, які ўжо згарнуў снасці.

— Цяпер ён трывалы, не тое што вясной, ды і выратавальная камізэлька ў мяне ёсць. Вось і ўлоў нядрэнны, больш за два кілаграмы рыбы, — падзяліўся пенсіянер Васіль, які ўжо больш за 30 гадоў захапляецца зімовай рыбалкай.

Разам з рэйдавай групай выходзім на лёд. Прызнаюся сапраўды, спачатку было страшнавата: вакол насвідравана мноства лунак, лёд жоўты і не выклікае даверу. Але таўшчыня яго каля 15 см.

На з'яўленне ратавальнікаў і прадстаўнікоў міліцыі рыбакі рэагуюць абсалютна спакойна. І дэманструюць наяўнасць выратавальных сродкаў.

— 18 жніўня 2023 года прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №543, якой унесены змяненні ў Правілы аховы жыцця людзей на водах. Калі раней карыстанне выратавальнай камізэлькай пры выхадзе на лёд было толькі рэкамендацыяй, то цяпер гэта - устаноўленае заканадаўствам патрабаванне. Таму мы нагадваем грамадзянам, што пры выхадзе на лёд яны абавязаны надзець выратавальную камізэльку, якая павінна адпавядаць памеру і забяспечваць станоўчую плавучасць у вадзе з улікам сумарнай масы цела і адзення. Таксама рэкамендуем мець з сабой ліну выратавальную і лядовыя загваздкі, — патлумачыў начальнік сектара Полацкага ГРАНС Руслан Кабачэўскі.

Варта адзначыць, што толькі 8 рыбакоў з 70 знаходзіліся на лёдзе без выратавальных камізэлек. Прадстаўнікі рэйдавай групы папрасілі іх неадкладна пакінуць лёд, і грамадзяне тут жа выйшлі на бераг. Даведаліся мы падчас рэйду і аб тым, што некаторыя аматары пасядзець з вудай на лёдзе для сваёй бяспекі выкарыстоўваюць касцюмы-паплаўкі, якія не толькі цёплыя, не прадзьмухваюцца ветрам, але і абараняюць ад траплення пад ваду, як і выратавальная камізэлька.

— У мяне зручны варыянт для зімовай рыбалкі, рухі не скоўвае зусім, у ім вельмі камфортна. Я набыў сабе гарнітур-паплавок, калі стаў захапляцца зімовай рыбалкай, а гэта прыкладна гады тры назад. Цяпер без яго на лёд ні нагой, - падзяліўся палачанін Юрый.

Пыталіся мы ў тых, хто выйшаў на лёд, што ж іх так прываблівае ў зімовай рыбалцы. І аказваецца, многія любяць яе за магчымасць з лёгкасцю дайсці па ледзяным покрыве да рыбнага месца, дзе ўлоў так і радуе. А вось улетку без наяўнасці плавальных сродкаў дабрацца туды не атрымаецца.

Хочацца верыць, што рыбакоў, якія з усёй свядомасцю ставяцца да захавання правілаў бяспекі, становіцца больш, і ратавальнікам не давядзецца здымаць з крыгі, як гэта было летась, тых, хто, рызыкуючы жыццём, выходзіць на тонкі лёд дзеля сумніўнага ўлову.

— Мы рэгулярна праводзім прафілактычныя гутаркі ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі, нагадваем аб неабходнасці няўхільнага захавання правілаў паводзін на вадзе. А напярэдадні зімовых канікул расказваем школьнікам аб небяспецы выхаду на лёд, гульняў каля змёрзлых вадаёмах. Мы ўдзячныя дырэктарам устаноў адукацыі за тое, што нас запрашаюць на класныя гадзіны і бацькоўскія сходы, — зазначыў начальнік выратавальнай станцыі г.Полацка Дзмітрый Каськовіч.

Пасля рэйду вырашылі вывучыць кошты на выратавальныя камізэлькі. І аказалася, што іх кошт зусім невялікі. Каля 40 рублёў — адзін з бюджэтных варыянтаў. Многія рыбакі марнуюць на разнастайныя снасці ў разы больш.

Падчас ажыццяўлення рыбалоўства з лядовага пакрыцця забараняецца прабіваць лункі на адлегласці менш за 1 метр адзін ад аднаго. Акрамя таго, забаронена выходзіць на лёд у перыяды ўтварэння і (або) разбурэння лядовага пакрыцця і пры недасягненні таўшчыні крышталічнага лядовага пакрыцця 7 сантыметраў.

Фота Маргарыты БАРАНОК.

https://www.pvestnik.by