Якой будзе «Полацкая купель-2024», распавёў адзін з арганізатараў мерапрыемства

12.01.2024

Праз тыдзень, 19 студзеня, у дзень Хрышчэння Гасподняга, у Полацку пройдзе трэці па ліку адкрыты абласны чэмпіянат Віцебскай вобласці па спартыўным зімовым плаванні «Полацкая купель-2024».

Месцам правядзення свята традыцыйна стане бераг Бельчыцкага штучнага вадаёма. Усе жадаючыя змогуць здзейсніць рытуал акунання ў палонку, вада ў якой будзе асвечана.

Якой будзе «Полацкая купель-2024», распавёў адзін з арганізатараў мерапрыемства, старшыня ГА «Спартыўны клуб «Белы мядзведзь» Ігар Капыценка.

— У праграме чэмпіянату заяўлена, што ён будзе праходзіць з 18 па 20 студзеня.

— Першы дзень адводзіцца для арганізацыйных момантаў, а таксама для трэніровак у крытым басейне. Сам турнір адбудзецца толькі ў пятніцу, 19 студзеня. Пачатак свята ў 10.00. А на наступны дзень мы запланавалі бліжэй пазнаёміць нашых гасцей з Полацкам, каб пасля яны прыязджалі да нас не толькі на спаборніцтвы, але і як турысты.

— Праца па падрыхтоўцы ідзе поўным ходам?

— Фарміруецца судзейская калегія, ужо выраблены кубкі і медалі. Пасля выхадных пачнецца падрыхтоўка месца правядзення свята, у працоўным плане задзейнічаны службы і аддзелы Полацкага райвыканкама, арганізацыі. Акрамя заплываў у ледзяной вадзе запланаваны «Загартоўны забег» для аматараў бегу. У самім турніры на розных дыстанцыях прымуць удзел каля 50 плыўцоў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 12 гадоў. Усяго 10 каманд. Нашы сябры з Калінінграда - клуб «Бурштынавыя маржы» - заявілі аб удзеле 21 спартсмена. У мінулыя гады прыязджалі спачатку 7, потым 13. Мы будзем рады вітаць старшыню клуба Кірыла Парошына, чэмпіёнаў і прызёраў міжнародных турніраў, а таксама моладзь. Сярод ганаровых удзельніц будзе Наталля Алешчанка, васьміразовая чэмпіёнка свету і спаборніцтваў рознага рангу. У Рэспубліцы Беларусь зімовае плаванне таксама актыўна развіваецца, гэтым спортам захапіліся і палачане. У нас згуртаваная каманда, 20 плыўцоў гатовы выступіць на турніры.

— Гледачы, знаходзячыся на беразе, заўсёды захапляюцца цягавітасцю спартсменаў-маржоў…

— Безумоўна, гэта відовішча, яго трэба ўбачыць. Запрашаем палачан на свята, праграма якога цікавая.

— Раскажыце падрабязней.

— Для павышэння ўзроўню, якасці правядзення турніру і бяспекі ўдзельнікаў кіраўніцтва Полацкага раёна набыло мабільны модульны басейн з пантонаў, у якім упершыню і пройдуць спаборніцтвы. Усталюем мабільныя лазні для абагравання плыўцоў. Валанцёры ГА «Чырвоны крыж» прыгатуюць для спартсменаў гарачую гарбату. Для балельшчыкаў будзе арганізавана культурна-гульнявая праграма «Зімовыя забавы». Будзе працаваць выязны гандаль, адбудзецца дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў Полацкага раёна. Як заўсёды, правядзем час актыўна, на свежым паветры, пад забіяцкую музыку.

— А асабіста Вы, як вопытны плывец, прызёр шматлікіх спаборніцтваў па зімовым плаванні, будзеце ўдзельнічаць у турніры?

— Пры маім удзеле адбудуцца паказальныя выступленні, а на воднай дарожцы выступіць мой 19-гадовы сын Ілля — неаднаразовы чэмпіён і рэкардсмен свету па зімовым плаванні. У снежні на Кубку СНД ён плыў 4 дыстанцыі і ўсё выйграў.

— У турніры прымуць удзел мужчыны, жанчыны, моладзь, дзеці… Гэта значыць зімовае плаванне цікава розным катэгорыям?

— Так, вельмі многія далучаюцца. Паспрабаваўшы аднойчы праплысці ў зімовым басейне, людзі адчуваюць захапленне ад адчуванняў і пасля яны пачынаюць займацца гартаваннем або зімовымі відамі спорту. Летась тата аднаго з выхаванцаў аддзялення плавання Полацкай СДЮШАР Аляксандр Худзенка з берага назіраў за ўдзелам у спаборніцтвах па зімовым плаванні свайго сына. У далейшым ён сам на працягу года прыняў удзел у 6 турнірах у Расійскай федэрацыі і Беларусі. Дарэчы, на фестывалі «Полацкая купель-2024» пройдуць заплывы нават для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

— Ці ёсць у Полацку секцыя па зімовым плаванні ці як можа жадаючым далучыцца да кагорты полацкіх маржоў?

- Адкрыццё секцыі ў хуткім часе плануецца пры ФСК «Прыдзвінне» Полацкага раёна. А пакуль, у асноўным, у нас займаюцца былыя і сённяшнія выхаванцы аддзялення плавання Полацкай СДЮШАР, таму што зімовае плаванне трэба абавязкова спалучаць з трэніроўкамі ў крытым басейне.

— Сумеснымі намаганнямі палачан чарговы чэмпіянат па спартыўным зімовым плаванні пройдзе на добрым узроўні.

— Пастараемся. Мы прадугледзелі ўсе нюансы для камфорту і бяспекі людзей. На мерапрыемстве будуць дзяжурыць супрацоўнікі АСВОДа, Полацкага ГРАНС, ДАІ, медработнікі.

https://www.pvestnik.by