Для настрою
Сёлета ўпрыгожаныя ёлкі, заснежаныя домікі, дзяды маразы, снягуркі, драконы і іншыя навагоднія сімвалы з'явіліся ў вітрынах ужо з сярэдзіны лістапада. Немалаважна, што ў перадсвяточныя і святочныя дні па ўзгадненні з Полацкім райвыканкамам будуць працягнуты рэжымы працы арганізацый гандлю і аб'ектаў грамадскага харчавання.
Таксама запланаваны перадсвяточныя кірмашы.
— На падставе распараджэння Полацкага райвыканкама №427р кірмашы па продажы харчовых, нехарчовых тавараў і прадукцыі грамадскага харчавання пройдуць 23, 24, 29, 30, 31 снежня 2023 года і 5, 6 студзеня 2024 года ў раёне магазіна «Дом гандлю» — падзялілася Ірына Юзефовіч, галоўны спецыяліст аддзела гандлю і паслуг Полацкага райвыканкама.
Зялёная прыгажуня
Запланаваны ёлачныя кірмашы, якія пройдуць з 21 па 31 снежня. Кошт на навагоднюю прыгажуню стартуе з 12,10 руб. Столькі каштуе дрэва вышынёй да 1 м. У 15,30 руб. ацэньваецца елка або хвоя вышынёй ад 1 м да 2 м, а за дрэва ад 2 да 3 м давядзецца заплаціць ужо 22,20 руб. Таксама будуць рэалізоўваць навагоднія ёлкі ў кадках і букеты з лапак.
Дарэчы, у гандлёвых аб'ектах ужо прадстаўлены штучныя ёлкі і хвоі. «Настольныя ёлкі каштуюць ад 9 руб., да 2 м - ад 120 руб., звыш 2 м - ад 200 руб. Кошт залежыць ад матэрыялу, сіліконавыя і адлітыя абыдуцца даражэй», - распавяла Ірына Якаўлева, прадавец ААТ «Дом гандлю».
Рознакаляровыя цацкі…
Ёлачныя цацкі, як звычайна, здзіўляюць сваёй разнастайнасцю — яркія, арыгінальныя. Ад класічных сняжынак і шароў да дзіўных драконаў - сімвалаў надыходзячага года па ўсходнім гараскопе. Не губляюць папулярнасць пластыкавыя шары, кошт іх ніжэй, чым у шкляных. Напрыклад, за набор з 6 шт. можна аддаць 2,90 руб. У моду сталі вяртацца шкляныя цацкі. «Вялікім попытам карыстаюцца шкляныя шары ручной працы з рознымі ўзорамі. Кошт - ад 11 руб. Палачане бяруць іх у якасці падарункаў», - адзначыла Ірына Якаўлева.
Таксама ў продажы шмат бліскучай мішуры, пацерак, канфеці, калядных вянкоў.
Што пакласці пад ёлку
У ААТ «Дом гандлю» можна знайсці падарунак для блізкіх і родных. Багаты асартымент тавараў радуе - тэматычныя кружкі, падсвечнікі, ручнікі і абрусы, статуэткі, панчошныя вырабы, свечкі, магніты. Ёсць у наяўнасці мяккія і гумовыя цацкі ў выглядзе дракона.
Палачане Мікіта і Марыя імкнуцца да святаў рыхтавацца загадзя. «Ходзім, прыглядаемся, выбіраем каляровую гаму ўпрыгожванняў для ёлкі. Аддаем перавагу пластмасавым цацкам, бо ў нас кот. Але, безумоўна, шкляныя вельмі прыгожыя. Вядома, думаем і пра падарункі», - падзялілася маладая сям'я.
…і салодкія падарункі
Зразумела, не абысціся ў гэтыя святы і без салодкіх падарункаў. Ад багацця каляровых каробак з шакаладам і цукеркамі ў пакупнікоў разбягаюцца вочы. Маленькія трохсотграмовыя падарункі можна набыць па кошце ад 8 руб., салодкі падарунак у 1,5 кг абыдзецца ў 40 руб.
За акном толькі сярэдзіна снежня, а выбар навагодніх тавараў ужо радуе. Вы абавязкова знойдзеце, што прыкупіць да свята.
Фота Надзеі Калужонак.