Сёння наша размова аб грыпе. Якія яго сімптомы? Чым ён небяспечны? Як абараніць сябе ад гэтага захворвання? Калі лепш зрабіць прышчэпку ад грыпу? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы знойдзеце ў нашым інтэрв'ю з урачом-інфекцыяністам Полацкай цэнтральнай гарадской паліклінікі Надзеяй Івановай.
— Надзея Аляксандраўна, што такое грып і як ён праяўляецца?
— Грып — гэта высокакантагіёзная вірусная інфекцыя, распаўсюджаная паўсюдна. Яго характэрныя клінічныя праявы - раптоўны востры пачатак захворвання, якое суправаджаецца рэзкім павышэннем тэмпературы цела (вышэй 38-40˚С), дрыжыкамі, галаўным болем, болем у цягліцах, агульнай слабасцю, кашлем. Хвароба можа працякаць лёгка, аднак могуць назірацца і цяжкія формы яе плыні аж да смяротных зыходаў.
— Якія асаблівасці вірусаў грыпу?
— Узбуджальнікі грыпу — вірусы тыпаў А і В, якія адрозніваюцца агрэсіўнасцю, выключна высокай хуткасцю размнажэння. За лічаныя гадзіны пасля заражэння вірус грыпу прыводзіць да глыбокіх параз слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, адкрываючы магчымасці для пранікнення ў яе бактэрый. Гэта тлумачыць вялікую колькасць бактэрыяльных ускладненняў, якія ўзнікаюць пры грыпе.
Таксама важнай асаблівасцю вірусаў грыпу з'яўляецца іх здольнасць відазмяняцца: практычна штогод з'яўляюцца новыя варыянты вірусаў, штамы якіх уключаюцца ў склад вакцыны супраць сезоннага грыпу.
— Чым небяспечны грып?
— Ён вельмі небяспечны сваімі ўскладненнямі. Яны бываюць лёгачныя - пнеўманія, бранхіт. Менавіта пнеўманія - прычына большасці смяротных зыходаў ад грыпу. Ускладненні з боку верхніх дыхальных шляхоў і ЛОР-органаў - атыт, сінусіт, рыніт, трахеіт. З боку сардэчна-сасудзістай сістэмы - гэта міякардыт, перыкардыт. З боку нервовай сістэмы - менінгіт, менінгаэнцэфаліт, энцэфаліт, неўралгіі, полірадыкуланеўрыты. Таксама грып часта суправаджаецца абвастрэннем наяўных хранічных захворванняў.
— Дык як жа абараніць сябе ад грыпу?
— Асноўнай мерай спецыфічнай прафілактыкі з'яўляецца вакцынацыя. Яна ажыццяўляецца эфектыўнымі супрацьгрыпознымі вакцынамі, якія змяшчаюць актуальныя штамы вірусаў грыпу, рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на маючы адбыцца эпідсезон.
— Наколькі эфектыўныя супрацьгрыпозныя вакцыны?
— Ужываемыя ў правільнай дозе і ў патрэбны час, яны абараняюць ад захворвання на грып да 80% дзяцей і дарослых. І калі прышчэплены чалавек усёткі захварэе на грып, ён абаронены ад цяжкіх ускладненняў і само захворванне працякае значна лягчэй. Для імунізацыі дастаткова адной прышчэпкі.
— Атрымліваецца, прышчэпка — выдатны саюзнік у супрацьстаянні захворванню. Дзе ў нашым горадзе праводзіцца вакцынацыя? І дзе зрабіць прышчэпку жыхарам сельскай мясцовасці?
- У горадзе - ва ўсіх паліклініках і амбулаторыях у гадзіны іх працы. Вяскоўцам - у ФАПах і амбулаторыях па месцы жыхарства. Перад вакцынацыяй абавязковы агляд урача.
— Надзея Аляксандраўна, а каму нельга прывівацца?
— Прышчэпку не трэба рабіць, калі ў чалавека вострая вірусная інфекцыя (чханне, кашаль, тэмпература) або абвастрыліся хранічныя захворванні. У тым і іншым выпадках хворых прышчэпліваюць праз 2–4 тыдні пасля акрыяння ці наступу рэмісіі, устойлівага паляпшэння хранічнага захворвання. Прышчэпку не робяць і тым, у каго назіралася алергічная рэакцыя на бялок курынага яйка, а таксама калі на папярэднюю вакцыну ад грыпу была алергічная ці іншая рэакцыя.
— Каму паказана вакцынацыя і калі лепш зрабіць прышчэпку?
— Яна рэкамендуецца ўсім групам насельніцтва, але асабліва кантынгенту з груп рызыкі: дзецям, пачынаючы з 6 месяцаў; людзям старэчага ўзросту; якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі; медыцынскім работнікам; настаўнікам; студэнтам; работнікам сферы абслугоўвання; транспарту. Праводзіцца вакцынацыя не пазней чым за 2-3 тыдні да пачатку эпідэмічнага ўздыму захворвання - за гэты час паспявае сфармавацца імунітэт. Паколькі ўздыму сезонных захворванняў і грыпу ў нас пакуль няма, яшчэ ёсць час, каб зрабіць прышчэпку. Вакцыны дастаткова. Яна добрай якасці, імунітэт выпрацоўваецца. Алергічных і іншых рэакцый на прышчэпкі не назіраецца.
Парады па неспецыфічных мерах прафілактыкі грыпу:
- Пазбягайце кантактаў з асобамі, якія маюць прыкметы захворвання.
- Скараціце час знаходжання ў месцах масавага збору людзей і ў грамадскім транспарце.
- Насіце медыцынскую маску (марлевую павязку).
- Рэгулярна пасля наведвання месцаў грамадскага карыстання мыйце рукі з мылам ці працірайце іх спецыяльным сродкам для апрацоўкі рук. Прамывайце нос цёплай вадой.
- Ведзіце здаровы лад жыцця, у якім прысутнічаюць паўнавартасны сон, збалансаванае харчаванне і фізічная актыўнасць.